Кіраўнік адміністрацыі Зяленскага падаў у адстаўку. Ужо ёсьць указ аб ягоным вызваленьні з пасады

Андрэй Ярмак, архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў, што кіраўнік ягонага Офісу Андрэй Ярмак напісаў заяву аб адстаўцы.

Ужо апублікаваны ўказ Зяленскага аб вызваленьні Ермака з пасады.

«Адбудзецца перазагрузка Офісу прэзыдэнта, кіраўнік Офісу Андрэй Ярмак напісаў заяву аб адстаўцы. Я ўдзячны Андрэю за тое, што ён заўсёды прадстаўляў украінскую пазыцыю ў перамовах менавіта так, як павінна быць. Гэта заўсёды была патрыятычная пазыцыя, але я хачу, каб не было чутак і здагадак», — сказаў Зяленскі ў сваім відэазвароце.

Адносна новага кіраўніка Офісу прэзыдэнта Зяленскі заявіў, што заўтра правядзе кансультацыі з «тымі, хто можа ўзначаліць гэтую ўстанову».

Раней сёньня сьледчыя Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро і Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры правялі вобшук у Ермака.

Як сказана ў афіцыйным паведамленьні, «сьледчыя дзеяньні санкцыянаваныя і ажыцьцяўляюцца ў межах расьсьледаваньня».

У той жа час інфармацыі аб статусе, у якім знаходзіцца Андрэй Ярмак, найбліжэйшы паплечнік Уладзіміра Зяленскага, — сьведкі ці абвінавачанага — не было.

Раніцай выданьне «Українська правда» паведаміла, што ператрусы адбываюцца ўва ўрадавым квартале, дзе знаходзіцца Офіс прэзыдэнта Ўкраіны і адпаведна працоўнае месца Андрэя Ермака. Журналістам выданьня ўдалося сфатаграфаваць, як на тэрыторыю ўрадавага кварталу зайшлі прыблізна 10 супрацоўнікаў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро і Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры.

Што папярэднічала

Вобшуку ў Ермака папярэднічаў вялікі карупцыйны скандал, які закрануў пэўных міністраў ягонага кабінэту і даўніх бізнэс-партнэраў. Украінскія заканадаўцы заклікалі Зяленскага звольніць кіраўніка ягонай адміністрацыі Андрэя Ярмака.

Расьсьледаваньне карупцыі зьвязанае з абвінавачаньнямі у тым, што сродкі для будаўніцтва абароны ўразьлівай энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны ад расейскіх авіянападаў былі перанакіраваныя на хабар палітыкам.

Найбліжэйшы хаўрусьнік Зяленскага

Андрэй Ярмак адыграў прыкметную ролю ў папярэдніх дыпляматычных сустрэчах, скіраваных на пошук шляху да спыненьня агню і мірнага пагадненьня.

Не абраны, а прызначаны на пасаду, Ярмак, магчыма, самы давераны палітычны хаўрусьнік прэзыдэнта Ўкраіны. Іх знаёмства пачалося прыкладна ў 2010 годзе і было замацавана шчыльнымі дзелавымі адносінамі яшчэ да прыходу Зяленскага ў палітыку. Апошнімі гадамі Ярмак значна ўзмацніў свой ценевы палітычны ўплыў.

«Ярмак — ягоны галоўны памочнік, ягоны галоўны адміністратар, галоўная кнопка на панэлі кіраваньня Зяленскага. Яны зрасьліся як сіямскія блізьняты», — заявіў 19 лістапада ў інтэрвію Радыё Свабода Ўладзімір Фясенка, кіраўнік цэнтру палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» ў Кіеве. Але цяпер Ярмак сутыкаецца з усё большым ціскам і з патрабаваньнем яго адстаўкі, бо расьсьледаваньне карупцыі высокага ўзроўню набірае абароты.

«Калі Ермака ня звольняць бліжэйшымі днямі, я хвалююся, што мы можам увайсьці ў паўнавартасны палітычны крызіс унутры краіны», — сказала ў інтэрвію Радыё Свабода Алена Пракапенка, старшы навуковы супрацоўнік Нямецкага фонду Маршала.

«Парлямэнт стане нефункцыянальным; міністры кабінэту будуць непрацаздольнымі. І гэта той тып крызісу, якога Ўкраіна ня можа сабе дазволіць падчас поўнамаштабнай вайны і прасоўваньня Расеі на перадавой», — дадала яна.

Абвінавачваньні ў карупцыі абвастрыліся на мінулым тыдні, калі два вядучыя антыкарупцыйныя органы Ўкраіны апублікавалі доказы сваіх высноваў. Пытаньне таксычнае, пагатоў летам Зяленскі спрабаваў пазбавіць гэтыя органы аўтаноміі, але адмовіўся ад такой задумы пасьля таго, як яна выклікала найбуйнейшыя з пачатку вайны вулічныя пратэсты.

Выкрыцьці ўжо прывялі да адстаўкі міністра энэргетыкі і міністра юстыцыі, а блізкі паплечнік Зяленскага Цімур Міндзіч уцёк з краіны.

Алі-Баба

Сакрэтныя запісы, апублікаваныя сьледчымі, паказалі, што падазраваныя дзейнічалі пад кодавымі імёнамі. 18 лістапада ўкраінскі дэпутат дапусьціў, што пад адным з гэтых імёнаў — Алі-Баба — насамрэч выступаў Ярмак.

Дэпутат Яраслаў Жалязьняк заявіў, што, як вынікае з запісаў, Ярмак нібыта даручыў неназваным службоўцам расьсьледаваць дзейнасьць супрацоўнікаў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны (НАБУ).

Ярмак не адказаў на просьбы аб камэнтарах ад украінскай службы Радыё Свабода. Зяленскі абвясьціў, што сустрэнецца з дэпутатамі ад ягонай партыі «Слуга народу» 20 лістапада, што выклікала здагадкі наконт магчымага звальненьня Ермака.

Адзін з дэпутатаў ад партыі Фёдар Веніслаўскі 18 лістапада заявіў Украінскай службе Радыё Свабода, што Ярмак павінен пайсьці ў адстаўку.

«Адстаўка Ермака ў гэтым выпадку дакладна суцішыць гэтае пэўнае хваляваньне вакол ураду», — сказаў ён, дадаўшы, што сярод ягоных калег па партыі «сёньня шмат гаварылася пра тое, што спадар Ярмак павінен сысьці».

Дзьве апазыцыйныя партыі заклікалі да адстаўкі ўсяго Кабінэту міністраў.

«Пакуль што Зяленскі, здаецца, упускае магчымасьць даць моцны і рашучы адказ на падзеі мінулага тыдня і на маштаб расьсьледаваньня, якое мы бачылі, і на тое, як у гэта залучана яго бліжэйшае кола», — сказала Пракапенка.

Кіраўнік цэнтру палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» Фясенка казаў, што для Зяленскага звольніць Ермака — гэта «як адсекчы сабе правую руку», і выказаў здагадку, што гэта «не непазьбежна».

Але, дадаў ён, «адстаўка Ермака можа стаць немінучай у выпадку масавых пратэстаў».