Васіля Верамейчыка, былога байца палку імя Каліноўскага, асудзілі на 13 гадоў узмоцненага рэжыму

Васіль Верамейчык, архіўнае фота

Гэтую інфармацыю Радыё Свабода пацьвердзіла ягоная жонка Яўгенія.

Васіль Верамейчык быў затрыманы ў лістападзе 2024 году ў Віетнаме і перададзены ўладам Беларусі.

Пасьля заканчэньня службы ва Ўкраіне ў Палку Каліноўскага Верамейчык спрабаваў легалізавацца ў Літве, але быў аб’яўлены «пагрозаю нацыянальнай бясьпецы» і атрымаў забарону на ўезд у краіну.

Былы палітвязень Юры Зянковіч, якога ў канцы красавіка вызвалілі з турмы ў Беларусі, расказваў «Нашай Ніве», што да Верамейчыка стасавалі фізычны гвалт, каб прымусіць яго даць інтэрвію беларускаму дзяржаўнаму тэлеканалу.

Паводле Зянковіча, перад вызваленьнем ён правёў зь Верамейчыкам чатыры месяцы ў адной камэры СІЗА КДБ. Зянковіч адзначыў, што Васіль не зламаўся і трымаецца мужна. Інтэрвію зь Верамейчыкам паказалі на БТ у студзені 2025 году.

«Тое, што ён казаў у „інтэрвію“, — гэта вымушана. Каб прымусіць яго сказаць тое, што хочуць пачуць бэтэшнікі, да яго ўжывалі фізычны гвалт. Паколькі супраціўляцца асабліва сэнсу не было, ён пад ціскам сказаў тое, што сказаў», — мяркуе Зянковіч.

«Ня верце таму, што паказвае прапаганда: гэтыя ўсе інтэрвію робяцца пад пагрозай гвалту. І самае галоўнае. Вязьням — ня толькі палітычным, але і іншым, хто сядзіць безь віны (напрыклад, бізнэсоўцы, у якіх патрабуюць грошы ў абмен на вызваленьне), вельмі важная грамадзкая салідарнасьць. Нават калі не даходзяць лісты, мы ўсё адно адчуваем падтрымку людзей. Галоўная задача грамадзтва — гэта дабіцца вызваленьня несправядліва асуджаных», — адзначыў былы палітвязень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапаганда паказала экстрадаванага ў Беларусь зь Віетнаму экс-каліноўца Верамейчыка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка выдадзенага ў Беларусь каліноўца Верамейчыка хоча дамагчыся ўключэньня яго ў сьпіс на абмен