Сяргей Ціханоўскі апублікаваў у The Washington Post артыкул, у якім выказаў думку, што Беларусі больш прыдаўся б нэўтральны статус, як ранейшы статус Фінляндыі, чым выразны эўрапейскі выбар, у тым ліку і вайскова-палітычны. Ён паўтарыў гэтую прапанову ў выступе ў Ельскім унівэрсытэце.
Тэза Ціханоўскага пра «беларускую Фінляндыю» выклікала шмат пярэчаньняў у беларускіх палітычных асяродках.
А Вадзім Пракопʼеў згодны зь ёй. Паводле яго Беларусі патрэбная разрадка і мірнае суіснаваньне Эўропы і Расеі. «У адваротным выпадку жалезная заслона апускаецца ў Берасьці. Няма шанцаў на тое, што Расея зьнікне з карты сьвету. Як няма і шанцаў на тое, што ў нас будзе роў з кракадзіламі па ўсходняй мяжы Беларусі» — кажа палітык.
Ён мяркуе, што і Беларусі вельмі няшмат шанцаў стаць і нэўтральнай Фінляндыяй, якой яна была пасьля 1945 года. Аднак Пракопʼеў выключае, што Расея, нават пасьля Пуціна, пагодзіцца на эўрапейскую інтэграцыю Беларусі, тым больш у вайсковай сфэры.
«Нам трэба прапанаваць Захаду рэалістычную формулу, каб ён увогуле нас на мапу нанёс» — мяркуе Пракроп'еў.
Патрэбу ў выбары такой формулы Пракопʼеў тлумачыць набліжэньнем часу транзыту ўлады ў Беларусі : «Пакуль усё гаворыць пра тое, што ён будзе адбывацца бяз Захаду, без уплыву Захаду і без уплыву беларускай апазыцыі, гэта азначае, што там будзе толькі адзін гулец — Масква».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Сходзе неабыякавых» беларусаў у Вільні заклікалі далучацца да новай ініцыятывыПракоп'еў мяркуе, што беларускае грамадзтва аддала палітыку і супрацьстаяньне з Лукашэнкам «на аўтсорс». Ён прыгадвае, што ў выбарах у Каардынацыйную Раду ўзялі ўдзел 6723 чалавекі, пры тым, што палітычная эміграцыя налічвае сотні тысячаў чалавек.
Ён лічыць, што цяпер назіраецца вакуўм лідэрства ў дэмакратычных сілах, і бачыць дзьве сілы, якія могуць вырашыць гэтую праблему — гэта нацыянальны беларускі бізнэс і Захад, калі апошні зацікавіцца ідэяй «Беларускай Фінляндыі». Пракопʼеў мяркуе, што для таго, каб прасоўваць беларускія інтарэсы на Захадзе, патрэбныя ці вельмі вялікія грошы ці вельмі вядомая асоба. На думку палітыка такой асобай можа быць Сяргей Ціханоўскі.