Служба грамадзянства і іміграцыі ЗША (USCIS) абвясьціла аб поўным прыпыненьні вынясеньня рашэньняў па наданьні прытулку. Дырэктар ведамства Джозэф Эдлоў заявіў, што працэс адновіцца толькі пасьля таго, як будзе забясьпечаная «максымальна магчымая праверка кожнага заяўніка».
Эдлоў таксама паведаміў аб правядзеньні поўнамаштабнай паўторнай праверкі ўсіх грын-карт для кожнага іншаземца з кожнай краіны, якая ўяўляе інтарэс, і прыпыненьні апрацоўкі ўсіх іміграцыйных запытаў ад грамадзян Афганістану.
Рашэньне прынятае пасьля здарэньня ў Вашынгтоне, дзе афганскі грамадзянін Рахманула Лаканвал, які прыехаў у 2021 годзе ў ЗША па праграме Operation Allies Welcome, у сераду ля Белага дому ўсчаў страляніну, у якой пацярпелі двое вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ЗША: адна загінула, другі паранены.
Паведамляецца, што Лаканвал прыбыў у ЗША ў рамках праграмы, накіраванай на перасяленьне тысячаў афганцаў, якія дапамагалі амэрыканскаму боку падчас вайны ў краіне і баяліся перасьледу ад талібаў. Усяго ў межах гэтай праграмы ў ЗША прыбылі больш за 70 000 чалавек.
- Апошнім часам у ЗША ўсё часьцей затрымліваюць беларусаў, якія выехалі туды з палітычных матываў і чакаюць рашэньня аб наданьні ім прытулку. Іх зьмяшчаюць у міграцыйныя лягеры, якія называюцца detention centers, ім пагражае дэпартацыя ў Беларусь.
- Ініцыятыве byaction.org, якая ў ЗША падтрымлівае беларусаў, што пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў на радзіме, сёньня вядома мінімум пра 10 беларусаў, якія знаходзяцца ў міграцыйных лягерах у ЗША. Нядаўна двое зь іх — Артур Сянько і Анатоль Бокун прайшлі празь некалькі судоў, якія адмовілі ў іх дэпартацыі, і выйшлі з турмы. Але ў міграцыйных турмах у Злучаных Штатах можа быць значна больш людзей, лічаць у byaction.org.
- Паводле інфармацыі стваральніка ініцыятывы Яўгена Ждановіча, на пачатак 2025 году ў Праекце абароны шукальнікаў прытулку (некамэрцыйная арганізацыя Asylum Seeker Advocacy Project) зарэгістраваныя 1662 беларусы.