Ціханоўскі прапанаваў «тры пункты для ЗША і апазыцыі»

Сяргей Ціханоўскі. Архіўнае фота

Сяргей Ціханоўскі, выступаючы ў Ейльскім унівэрсытэце, працягнуў сваю думку, якую нядаўна агучваў у артыкуле ў The Washington Post і прамове ў Эўрапарлямэнце — пра «нэўтральную, але самастойную Беларусь, якая патрэбная і Ўсходу і Захаду на ўзор колішняй Фінляндыі».

Акрамя гэтага, Ціханоўскі агучыў тры пункты пляну дзеяньняў для ЗША і беларускіх дэмакратычных сілаў:

«Уплыў. ЗША павінны аднавіць уплыў у Беларусі — павольна, ціха. Сапраўдны ўплыў — гэта адносіны і прысутнасьць. Пасольства павінна вярнуцца як частка ўгоды па закладніках. Які сэнс мець пасольства ў Літве?

Патэнцыял. Беларусі патрэбны ўнутраны патэнцыял — людзі, якія ўтрымаюць краіну разам. Дзяржслужбоўцы, прафэсіяналы, адміністратары — людзі, якія змогуць падтрымліваць функцыянаваньне, калі сыстэма зьменіцца.

Мэта. Апазыцыі за мяжой патрэбна поўная перазагрузка. Не сымбалічны рух. Не маральная гісторыя. Рэальная палітычная сіла — дысцыплінаваная, сур’ёзная, стратэгічная. Сіла, якая задае стандарты, а не вядзецца на скандалы».

  • Ейльскі ўнівэрсытэт — адзін з самых прэстыжных унівэрсытэтаў ЗША, ён уваходзіць у знакамітую «Лігу плюшчу». Два гады таму там перад студэнтамі і экспэртамі выступала Сьвятлана Ціханоўская разам з гісторыкам Тымаці Снайдэрам, спэцыялістам у гісторыі Ўсходняй Эўропы. Выступ Ціханоўскай меў назву «Беларусь, Украіна і будучыня Эўропы». У ім ішлося пра нацыянальную ідэнтычнасьць беларусаў і іх геапалітычны выбар, пагрозу сувэрэнітэту краіны, рэпрэсіі супраць культуры і мовы.
  • Думкі Сяргея Ціханоўскага падзяляе палітык і бізнэсовец Вадзім Пракопʼеў, які агучыў іх у праграме «ПіК Свабоды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі ў The Washington Post заклікаў апазыцыю перагледзець падыходы і падзякаваў Трампу