На відэа бачны момант пападаньня ў танкер і пажар на борце. З спасылкай на крыніцы ў Службе бясьпекі Украіны сьцьвярджаюць, што гэта была сумесная апэрацыя СБУ і Вайскова-морскіх сілаў Украіны. Паведамляюць, што танкеры ішлі пустымі на пагрузку ў расейскі порт Новарасійск.
Афіцыйна інфармацыя не пацьверджаная. Расейскі бок пакуль здарэньня не камэнтаваў.
Напярэдадні стала вядома, што на двух нафтавых танкерах у Чорным моры, недалёка ад узьбярэжжа Турэччыны, узьнік пажар. «Пусты танкер KAIROS, які ішоў у Новарасійск пад сьцягам Гамбіі, падаў сыгнал аб узгараньні на борце за 28 міляў ад нашага ўзьбярэжжа, як мяркуецца, з прычыны вонкавага ўзьдзеяньня», — гаварылася ў паведамленьні міністэрства транспарту Турэччыны. Пасьля стала вядома і пра пажар на танкеры VIRAT, таксама пад сьцягам Гамбіі, але з расейскім экіпажам. Экіпаж паведаміў, што карабель зазнаў удар прыкладна за 35 морскіх міляў ад берагу ў Чорным моры.
Раніцай у суботу міністэрства транспарту Турэччыны паведаміла, што на VIRAT быў паўторны напад і вадаплаў атрымаў «нязначныя пашкоджаньні правага борту». «Пажару на борце няма, экіпаж пачуваецца добра», гаворыцца ў паведамленьні. Экіпаж пакуль не эвакууюць, танкер застаецца на плаве. З танкеру KAIROS, паводле таго ж паведамленьня, былі эвакуаваныя 25 чальцоў экіпажу. Абодва танкеры ўваходзяць у «ценевы флёт» Расеі, з дапамогай якога яна гандлюе нафтай, і знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі.
- Украіна ня раз рабіла гучныя апэрацыі перад чарговымі спробамі перамоваў аб завяршэньні вайны. Найбольш вядомай была апэрацыя «Павучыньне» («Spiderweb») у чэрвені 2025 — калі бесьпілётнікі, запушчаныя з грузавікоў на тэрыторыі Расеі, атакавалі адразу некалькі расейскіх авіябазаў і пашкодзілі дзясяткі баявых самалётаў, у тым ліку стратэгічнай авіяцыі. Аналітыкі адзначаюць, што атакі на расейскія стратэгічныя аб’екты — авіяцыю, энэргетыку, інфраструктуру — маюць на мэце ўзмацніць ціск на Маскву, паказаць, што Расея не абароненая ў глыбіні, і тым самым стварыць дадатковы стымул для дыпляматыі.