Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб закрыцьці неба над Вэнэсуэлай

Дональд Трамп

«Усім авіякампаніям, пілётам, наркагандлярам і гандлярам людзьмі, калі ласка, майце на ўвазе, што паветраная прастора над Вэнэсуэлай і вакол яе закрытая», — напісаў Трамп у Truth Social.

Белы дом абвінавачвае Вэнэсуэлу ў актыўным садзейнічаньні наркатрафіку ў ЗША, які пагражае бясьпецы амэрыканцаў. Раней Трамп узмацніў прысутнасьць вайскова-паветраных сіл ЗША ў Карыбскім рэгіёне пад маркай барацьбы з наркагандлем. Фэдэральнае ўпраўленьне грамадзянскай авіяцыі спаслалася пры гэтым на пагаршэньне сытуацыі зь бясьпекай і ўзмоцненую вайсковую актыўнасьць у Вэнесуэле і вакол яе.

Амэрыканскія вайскоўцы, як раней паведамляла The Wall Street Journal, разглядаюць магчымасьць нанясеньня ўдараў па Вэнэсуэле. Такім чынам адміністрацыя Дональда Трампа разьлічвае скараціць наркатрафік і падаць сыгнал прэзыдэнту краіны Нікаласу Мадуру аб неабходнасьці адысьці ад улады, пісала газэта. Шэраг камэнтатараў пішуць і аб магчымасьці ваеннай апэрацыі па адхіленьні Мадуры.

Мадура і яго падначаленыя абвяргаюць дачыненьне да кантрабанды наркотыкаў і абвінавачваюць ЗША ў пошуку падставаў для зьмены рэжыму ў Вэнэсуэле, у тым ліку і ўзброеным шляхам.

28 лістапада New York Times паведаміла, што на тле росту ваеннай напружанасьці паміж Вашынгтонам і Каракасам прэзыдэнт ЗША і ягоны вэнэсуэльскі калега правялі тэлефонную размову. У часе размовы лідэры дзьвюх краін абмеркавалі магчымую сустрэчу ў Злучаных Штатах. Паводле паведамленьня, у размове таксама ўдзельнічаў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэнэсуэла абвясьціла пра маштабнае разгортваньне войскаў у адказ на вайсковую прысутнасьць ЗША