«Юры Тарасевіч і Ўсевалад Доўбня, два музыкі з Intelligency Band, выдзеліліся з многіх тысяч іншых. Сумоўе прайшло пасьпяхова. Іх крэатыўнасьць зрабіла ўражаньне на ўсіх», — сказаў у Х’юстане Бэн Сіманс, начальнік аддзелу па адборы цывільных кадраў і пэрсаналу для касьмічных палётаў Space Х.
Гурт Intelligency, які праславіўся хітом August, атрымаў запрашэньне на сустрэчу з Іланам Маскам у рамках культурнай праграмы для цывільных турыстаў. 25 лістапада музыкі прыбылі на базу Starbase у Тэхасе, каб прайсьці сумоўе як патэнцыйныя ўдзельнікі касьмічнай місіі.
Першае сумоўе прайшло пасьпяхова. «Я абвясьціў пра трохмесячную праграму навучаньня для іх на Starbase: трэніроўкі і дыета для Юрыя, псыхалягічная падтрымка і сымуляцыі для Ўсевалада. Увесну 2026 пройдзе паўторнае сумоўе. Калі яно будзе пасьпяховым, яны далучацца да місіі, ствараючы творы мастацтва на Месяцы», — паведаміў Бэн Сіманс.
«Цяпер наш плян — праца над сабой і штомесячныя справаздачы для Бэна, каб у выніку атрымаць допуск да палёту», — паведамілі музыкі ў Інстаграме.
Касьмічная мастацкая місія Space of Culture — гэта «першая місія, дзе творцы з розных краін паляцяць у космас у імя абʼяднаньня мастацтва і навукі, — расказвае Бэн Сіманс. — Гэта сымбаль абʼяднаньня людзей па ўсім сьвеце».
Год таму музыкі Intelligency адправілі ліст у SpaceX, выказаўшы жаданьне ўдзельнічаць у культурнай місіі. Адказу не чакалі — і забыліся, расказваюць яны. Але нядаўна прыйшло афіцыйнае запрашэньне зь візамі і пацьвярджэньнем удзелу.
Іх трэк August у 2020 годзе ўвайшоў у топ-30 сусьветнага чарта Shazam, зрабіўшы Intelligency адным з самых вядомых музычных праектаў зь Беларусі. August атрымаў новае прачытаньне на фоне падзеяў жніўня 2020 году ў Беларусі, пасьля гэтага аўтары стварылі беларускамоўны кліп. У выніку атрымалася «страшная казка пра сучасную беларускую рэальнасьць», напоўненая мэтафарамі і сымбалямі. Адзін з удзельнікаў гурту пацярпеў у жніўні 2020 году ад АМАПу.