Сэр Том Стопард — брытанскі рэжысэр і драматург, аўтар пʼес «Аркадыя», «Розэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя», «Леапольдштадт», «Бераг Утопіі» і многіх іншых. Ён таксама быў сцэнарыстам такіх фільмаў, як «Закаханы Шэкспір», за які атрымаў прэміі «Оскар» і «Залаты глёбус», і «Анна Карэніна».
Топ Стопард неаднаразова выступаў у падтрымку беларускіх палітвязьняў.
У 2011 годзе Том Стопард даслаў лісты начальніку папраўчай калёніі № 2 Бабруйску, дзе адбываў пакараньне экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Саньнікаў, і начальніку папраўчай калёніі № 13 у Глыбокім, дзе знаходзіўся лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, з патрабаваньнем спыніць ціск на палітвязьняў.
У 2023 годзе сэр Том Стопард выказаў падтрымку беларусам і беларускім палітвязьням. Ён пісаў: «Цяпер дрэнныя часы для дэмакратычнага права на іншадумства, таму так важна памятаць пра палітычных зьняволеных. Тысячы зьняволеных у Беларусі сёньня зьяўляюцца жывым доказам таго, што Беларусь знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы з дыктатурай і тыраніяй. Мы павінны заступацца за іх, як за сябе».
Разам з экс-прэзыдэнтам Чэхіі Вацлавам Гаўлам і амэрыканскім драматургам Артурам Копітам, Том Стопард зьяўляўся адным з папячыцеляў «Свабоднага тэатру». У 2005 годзе ён наведаў Беларусь на асабістае запрашэньне кіраўнікоў «Свабоднага тэатру» Натальлі Каляды і Мікалая Халезіна. Драматург казаў: «Мае ўражаньні ад візыту ў Беларусь адрозьніваюцца ад тых уражаньняў, якія я атрымаў у Савецкім Саюзе і Чэхаславаччыне: тут страх схаваны ўглыб, і, гуляючы па вуліцах Менску, часам немагчыма зразумець, што знаходзісься ў краіне з таталітарнай сыстэмай, якая глыбока ўкаранілася».
«Том Стопард параўнаў Менск з дэкарацыямі для фільма, здымкі якога яшчэ не пачаліся, але могуць пачацца ў любы момант. Ён таксама адзначыў, што для яго паездка ў Беларусь трэцяя па значнасьці пасьля візытаў у Чэхію і ў Савецкі Саюз у канцы сямідзесятых», — распавядаў тады Мікалай Халезін.