У Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы арыштавалі пяць чалавек, якіх падазраюць у датычнасьці да вэрбаваньня грамадзян краіны ў расейскае войска, паведамляе старонка спэцыяльнага падразьдзелу паліцыі ў X.
Арышты зрабіла Ўправа ў расьсьледаваньні асабліва важных злачынстваў пасьля атрыманьня інфармацыі ад паліцыі міжнароднага аэрапорта ў Ёханэсбургу. 29 лістапада ў аэрапорце каля выхаду на пасадку затрымалі чацьвярых падазраваных, якія накіроўваліся ў Расею праз ААЭ.
Папярэдняе расьсьледаваньне паказала, што іх паездцы ў Расею, як мяркуецца, спрыяла грамадзянка ПАР. Але ейнае імя не называецца.
Пазьней затрымалі яшчэ аднаго чалавека, зьвязанага з чатырма затрыманымі і з іншым фігурантам справы, які раней пакінуў ПАР і накіраваўся ў Расею.
Для далейшых экспэртызаў сілавікі забралі ў фігурантаў электронныя прыставаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны»: Расея працягвае вэрбаваць на вайну беларусаў, якія адбываюць пакараньні ў расейскіх турмахЗатрыманых падазраюць у парушэньні Закону аб рэгуляваньні замежнай вайсковай дапамогі 1998 году, паводле якога грамадзянам краіны забараняецца аказваць вайсковую дапамогу іншым дзяржавам або ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях у замежных войсках без дазволу ўладаў. Усе пяцёра паўстануць перад судом у панядзелак, 1 сьнежня.
У ПАР пачалі расьсьледаваньне з прычыны вэрбаваньня грамадзян краіны ў расейскае войска. Bloomberg пісаў, што да гэтага датычная дачка былога прэзыдэнта ПАР Джэйкаба Зумы і дэпутат парлямэнту краіны Дудузіла Зума-Самбудла. Паводле агенцтва, яна завэрбавала каля 20 мужчын, якія ў ліпені адправіліся ў Расею.
Яна запэўнівала іх, што тыя паедуць на курсы падрыхтоўкі целаахоўнікаў, каб у будучыні працаваць у партыі ейнага бацькі. Пасьля гэтага Дудузіла Зума-Самбудла падала ў адстаўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тых хто адступіў, расстрэльваюць на месцы». Палонныя байцы з «ЧВК Вагнера» расказалі CNN пра страты і забойствы