Літва зьвярнулася да Эўразьвязу па дапамогу ў вяртаньні грузавікоў зь Беларусі

Кястуціс Будрыс

Улады Літвы абвінавачваюць Беларусь у тым, што Лукашэнка незаконна затрымлівае грузавікі.

Кіраўнікі двух літоўскіх ведамстваў — міністар замежных спраў Кястуціс Будрыс і міністар транспарту і сувязі Юрас Тамінскас — зьвярнуліся ў Эўрапейскую камісію з просьбай дапамагчы вярнуць грузавікі, якія захрасьлі ў Беларусі, паведамляе LRT са спасылкай на інфармагенцтва BNS.

Міністры таксама заклікалі Эўразьвяз увесьці новыя санкцыі супраць Менску ў сувязі з залётамі ў Літву аэрастатаў з кантрабандай.

У лісце, накіраваным у Брусэль Будрысам і Тамінскасам, зьмяшчаецца просьба «распрацаваць і прадставіць пасьлядоўны плян дзеяньняў Эўразьвязу ў аказаньні дапамогі эўрапейскім перавозьнікам у Беларусі, а таксама па рашэньні праблемы бясьпекі на літоўска-беларускай мяжы, зьвязанай з выкарыстаньнем бесьпілётных лятальных апаратаў, у тым ліку кантрабандных паветраных шароў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль літоўскія фуры застаюцца заблякаванымі, МЗС Беларусі накіраваў Вільні ноту з патрабаваньнем кансультацыяў на палітычным узроўні

Эўракамісарам, адказным за замежныя справы і транспарт — Каі Калас і Апосталасу Дыдыкастасу, таксама прапанавана «запатрабаваць на ўзроўні ЭЗ поўнага і безумоўнага вызваленьня эўрапейскіх перавозьнікаў і іх актываў, якія незаконна ўтрымліваюцца на беларускім баку».

Акрамя таго, літоўскія ўрадоўцы просяць «паспрыяць у ініцыяваньні прапанаваных Літвой новых санкцый супраць Беларусі, якія будуць уведзеныя ў тым ліку ў дачыненьні службовых асобаў Менску, адказных за рэйды па канфіскацыі кантрабандных паветраных шароў».

Пасьля аднаўленьня працы памежных пераходаў Літва ўжо чатыры разы прыпыняла працу аэрапорту ў Вільні праз новыя мэтэазонды, што ўрываліся ў паветраную прастору краіны з тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Курс на абвастрэньне: навошта Менск вяртае крызіс на мяжы зь Літвой


Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
  • Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
  • А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
  • Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
  • Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
  • Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
  • Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
  • Пераходы Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) зноў адкрыліся 20 лістапада.