Пасьля абмеркаваньняў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё назваў сустрэчу «вельмі плённай», але падкрэсьліў, што «патрабуецца больш працы».
«Мы надалей рэалістычна, але аптымістычна ацэньваем цяжкасьці, асабліва ўзяўшы пад увагу дасягнуты прагрэс... Гаворка ідзе ня толькі пра спыненьне вайны, але і пра забесьпячэньне будучыні Ўкраіны, якая, мы спадзяемся, будзе больш квітучай, чым калі-небудзь», — сказаў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЗША, адзначыўшы таксама, што для ўрэгуляваньня Ўкраіне патрэбныя «доўгатэрміновыя гарантыі бясьпекі».
Рубіё пацьвердзіў, што спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткаф наведае Маскву для перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Рустэм Умераў, які ўзначальваў кіеўскую дэлегацыю, таксама назваў перамовы «плённымі й пасьпяховымі».
Увечары 30 лістапада, пасьля перамоваў з прэзыдэнткай Эўрапейскай камісіі Урзуляй фон дэр Ляен і генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зеленскі заявіў, што гэта «важныя дні, і шмат што можа зьмяніцца».
Уладзімір Пуцін 27 лістапада сказаў, што прапановы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб спыненьні вайны могуць стаць асновай для будучага пагадненьня, але яго канчатковай вэрсіі пакуль няма.
Чакаецца, што Стыў Уіткаф 1 сьнежня сустрэнецца з Пуціным, каб абмеркаваць парамэтры магчымага мірнага пагадненьня, паведамляюць Agence France-Presse і CNN з спасылкай на амэрыканскія ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як праслухоўвалі Ўшакова, Уіткафа і Дзьмітрыева. Што вядома з размоваў і як адрэагаваў Трамп