105-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну адзначылі ў Канадзе. ФОТА

Сьцягі Канады і Беларусі на ўваходзе ў Беларускі цэнтар у Таронта

30 лістапада 2025 году ў Беларускім цэнтры ў Таронта адбыліся ўрачыстасьці, прысьвечаныя 105-м угодкам Слуцкага збройнага чыну.

На падыходзе да будынку былі беларускі і канадыйскі сьцягі, прыцягвала ўвагу ўпрыгожаная ручнікамі і зьнічам мэмарыяльная дошка ў гонар 100-годзьдзя Кастуся Акулы, што ўсталявалі 2 тыдні таму на сьцяне будынку.

У царкве сьв. Кірылы Тураўскага (БАПЦ) адслужылі паніхіду па Слуцкіх ваярах, схілялі сьцягі ў хвіліну смутку. На ўрачыстым сходзе ў грамадзкай залі гучалі выступы, узгадваньні, агучылі звароты Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы і кіраўніка Руху „Вольная Беларусь“ Зянона Пазьняка.

Старшыня Канадыйскага сэктару Рады БНР Алесь Кот, сябра ўправы Таронтаўскага аддзелу Згуртаваньня беларусаў Канады Віталь Кошалеў, сьвятар БАПЦ Вячаслаў Кучук расказалі пра падзеі ў Беларусі, барацьбу за дзяржаўную і нацыянальную незалежнасьць Бацькаўшчыны ў першыя 20 гадоў мінулага стагодзьдзя, чын случакоў. Адбылося сымбалічнае зачытваньне сьпісу герояў Беларусі.

Алесь Кот

У час службы

Шыльда ў памяць Кастуся Акулы

Што такое Слуцкі збройны чын?

  • 14 лістапада 1920 году ў Слуцку ў доме Эдварда Вайніловіча, што стаяў побач з Слуцкай гімназіяй, адбыўся Зьезд Случчыны. 107 дэлегатаў прынялі дакумэнт, які абвяшчаў у рэгіёне ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі і выказваў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі.
  • Рада Случчыны абвясьціла агульную мабілізацыю і працягнула стварэньне вайсковых аддзелаў. Былі змабілізаваныя каля 4000 чалавек.
  • Паўстаньне працягвалася 35 дзён, яно трывала ад 27 лістапада па 31 сьнежня 1920 году. У днях 28–31 сьнежня 1920 больш за 1500 беларускіх жаўнераў і афіцэраў перайшлі польска-савецкую мяжу і былі раззброеныя польскімі ўладамі.

Беларусы Канады

Беларусы маюць адну з найбольшых замежных дыяспараў у Канадзе. Згуртаваньне беларусаў Канады ўтварылі беларускія эмігранты ў 1948 годзе, гэта адна з найстарэйшых арганізацый дыяспараў. На пачатку яны аддавалі па 5-10% свайго штотыднёвага заробку, каб назьбіраць грошай на свой будынак, і займелі яго. У гэтым будынку ў Таронта дагэтуль працуе беларускі цэнтар і аўтакефальная царква. Арганізацыя расла, праз 20 гадоў быў утварыўся актыўны аддзел у Атаве і Манрэалі, які закрыўся, але цяпер яго спрабуюць аднавіць.

Згуртаваньне беларусаў Канады актыўна супрацоўнічала зь іншымі дыяспарамі. Таксама штогод на Дзень Волі з 1970-га па 2005 год на гарадзкой ратушы ў Таронта ўздымалі бел-чырвона-белы сьцяг. Штогод Згуртаваньне ладзіць традыцыйныя сьвяты і абрады.

Заснавальнікі Згуртаваньня пражылі 40 гадоў у выгнаньні, але пабачылі, як разваліўся СССР, змаглі прыехаць у Беларусь і актыўна дапамагаць.

У Таронта таксама дзейнічае фальклёрны гурт «Яваровы людзі» пад кіраўніцтвам Віялеты Кавалёвай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Cамая поўная беларуская кулінарная кніга па-ангельску», — заснавальніца выдавецтва Grunwald пра выданьне The Belarusian Cookbook
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзьве душы» як папярэджаньне аб будучыні. Вольга Яноўская пра новае беларускае выдавецтва ў Канадзе