Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Хайтама бін Тарыка аль-Саіда, султана Аману, манархіі на Арабійскім паўвостраве, праходзяць 1 сьнежня ў доме манарха, як вынікае з інфармацыі неафіцыйнага тэлеграм-каналу прэс-службы Лукашэнкі.
Як сьцьвярджаецца, тое, што сустрэча праходзіць «не ў афіцыйных залях, а дома ў султана», — гэта «па-сапраўднаму выключны» фармат.
«Жэст, які ў дыпляматыі гаворыць аб даверы, павазе і асаблівых адносінах да высокага госьця», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле інфармацыі рэсурсу, Лукашэнка і Хайтам бін Тарык аль-Саід у перамовах за зачыненымі дзьвярыма «абмяркуюць рэалізацыю ўжо дасягнутых дамоўленасьцяў, дарожную мапу кастрычніка 2025 году і новыя сумесныя праекты ў прамысловасьці, лягістыцы, інвэстыцыях і высокіх тэхналёгіях».
Як відаць на апублікаванай фатаграфіі, прынамсі на пратакольнай частцы сустрэчы былі сыны Лукашэнкі Віктар і Мікалай.
Лукашэнка прыбыў у Аман увечары 28 лістапада. З таго дня, як адзначаў «Позірк», пра яго знаходжаньне ў краіне нічога не паведамлялася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і М’янма: захапленьне хунтай як люстэрка беларускай улады