Людзі з інваліднасьцю складаюць 6% насельніцтва Беларусі. Ёсьць яны і сярод палітвязьняў

Ілюстрацыйнае фота

3 сьнежня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў.

У Беларусі тую ці іншую ступень інваліднасьці маюць каля 550 тысяч чалавек, або прыкладна 6 працэнтаў насельніцтва краіны. Такія зьвесткі прывяла на прэс-канфэрэнцыі 1 сьнежня ў Менску намесьніца міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марына Арцёменка, піша «Позірк».

Працуюць больш за 71 тысячу людзей з інваліднасьцю, або 61,5% асобаў гэтай катэгорыі, «якія маюць рэкамэндацыі да працы». Штогод іх большае на 2–2,5 тысячы чалавек.

Паводле зьвестак чыноўніцы, за ўвесь 2024 і дзевяць месяцаў 2025-га на фінансаваньне пэнсіяў і дапамогаў у інваліднасьці накіравана 10 млрд рублёў (на выплату пэнсіяў — 88% гэтай сумы).

Больш за 612 млн рублёў за гэты пэрыяд пайшло на выплаты дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Пры гэтым колькасьць такіх дзяцей у дзевяці пансіянатах сыстэмы органаў сацыяльнай абароны Беларусі, паводле Арцёменкі, за апошнія 5 гадоў зьнізілася на 30% — сёньня там 433 дзіцяці.

На прэс-канфэрэнцыі таксама расказалі, што ў Беларусі цяпер налічваецца каля 10.000 інвалідаў з парушэньнямі слыху. З іх 8445 уваходзяць у Беларускае таварыства глухіх.

Інваліды-палітвязьні

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», на 4 лістапада 2025 году не менш за 66 беларускіх палітвязьняў мелі цяжкі стан здароўя, 8 зь іх маюць інваліднасьць, 25 старэйшыя за 60 гадоў (многія зь іх маюць сурʼёзныя праблемы са здароўем), 10 — з мэнтальнымі разладамі.

На сакавік 2025 году сярод палітвязьняў налічвалася не менш за 7 чалавек з інваліднасьцю і 78 чалавек, якія цярпяць ад хранічных і цяжкіх вострых захворваньняў.

20 лютага 2024 году ў Менскім раённым шпіталі на 64-м годзе жыцьця памёр палітвязень Ігар Леднік, інвалід другой групы, меў праблемы з сэрцам. Адбываў ён пакараньне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўленьня волі паводле арт. 367 КК («паклёп на Лукашэнку»).

У траўні 2023 году ў калёніі № 3 у пасёлку Віцьба (Віцебскі раён) памёр блогер з інваліднасьцю другой групы Мікалай Клімовіч, асуджаны на 1 год пазбаўленьня волі паводле арт. 368 КК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Вацлаў Арэшка амаль страціў зрок, але ў калёніі ня можа аформіць інваліднасьць