Мэта праекту «Плян С»— дапамагчы адаптавацца, паверыць у свае сілы і магчымасьці, знайсьці сфэру жыцьця, дзе можна з посьпехам прыкласьці кампэтэнцыю і сілы, авалодаць новымі ведамі і кантактамі, якія дапамогуць быць пасьпяховым у новай краіне пражываньня.
Праект праходзіць у форме бясплатных трэнінгаў-кансультацый. Пробныя сустрэчы з беларусамі, якія зарэгістраваліся для ўдзелу ў праекце, ужо адбыліся ў Вільні пры мясцовым «Чырвоным крыжы», наперадзе новыя анлайн-сустрэч ў Вільні і Варшаве, паведамляе Deutsche Welle.
На сустрэчах у межах праекту, разьлічаных на чатыры і восем гадзін, пройдуць лекцыі і групавыя абмеркаваньні.
Паводле Ірыны Сідорскай, якая да ад’езду зь Беларусі працавала загадчыцай катэдры камунікацыі журфаку БДУ, у падрыхтоўцы да кансультацый ёй дапамог уласны досьвед.
«У пэўны момант я зразумела, што гэта можа быць карысна і для іншых мігрантаў узросту 45+. На жаль, апынуўшыся ў эміграцыі, яны часта гавораць: „Я тут страціў усё“. Наша задача — дапамагчы ім зразумець, што ў іх ёсьць магчымасьці: як прайсьці крызіс, на што абапірацца і як разьвівацца. Аснова праекту ў тым, што мы абапіраемся на ўласны досьвед і прафэсійныя веды», — адзначае Ірына Сідорская.
Яе калега па ажыцьцяўленьні праекту «Плян С» — спэцыяліст па камунікацыі Андрэй Эзэрын, які цяпер жыве ў Вільні. Эзэрын мяркуе, што дапамога людзям узросту 45+ грунтуецца ня долькі на спачуваньні, але і на ўпэўненасьці ў эфэктыўнасьці гэтай працы.
«Людзі такога ўзросту часта аказваюцца ў сытуацыі нябачнасьці і эйджызму, але менавіта яны — наймацнейшыя: валодаюць досьведам, ведамі, адказнасьцю і ўнутраным маральным стрыжнем, які ня зьнік пасьля пераезду», — падкрэсьлівае Андрэй Эзерын.
Паводле дасьледчага цэнтру Beroc пасьля падзей 2020 году ў краіны Эўразьвязу зьехала каля 300 тысяч беларусаў, зь іх людзей ва ўзросьце 45+ прыкладна 45 тысяч.
Зарэгістравацца для ўдзелу ў праекце «Плян С» можна тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла кніга аповедаў беларускіх уцекачоў ад рэпрэсіяў пасьля падзеяў 2020 году