Урадавая партыя Грузіі абвясьціла, што падае ў суд на BBC

Падчас пратэсту ў Тбілісі ў студзені 2024 году

Партыя «Грузінская мара», якая кіруе ў Грузіі, абвінаваціла брытанскую тэлерадыёвяшчальную карпарацыю BBC у распаўсюджваньні фэйку і аб’явіла, што падасьць супраць яе пазоў.

Нагодай для гэтага стала расьсьледаваньне, у якім гаворылася, што падчас падаўленьня антыўрадавых пратэстаў у Тбілісі летась улады Грузіі маглі выкарыстоўваць «каміт» — баявое атрутнае рэчыва часоў Першай сусьветнай вайны.

Паводле заявы «Грузінскай мары», якую цытуе «Эхо Кавказа», «усе здагадкі заснаваныя на меркаваньнях канкрэтных асоб», сярод якіх — доктар Чахунашвілі, адзін з актыўных удзельнікаў акцый у Тбілісі, бацька якога, па заяве партыі, «асабіста ўдзельнічаў у працэсе „зьвяржэньня ўлады“ 4 кастрычніка і фізычна прабраўся ў двор прэзыдэнцкага палаца».

«Абвінавачваньні МУС у выкарыстаньні незразумелых хімікатаў пры разгонах акцый без канкрэтных доказаў вельмі несурʼёзныя. Ня варта вылучаць такія абсурдныя здагадкі».

Пазьней Служба дзяржаўнай бясьпекі Грузіі паведаміла, што пачала расьсьледаваньне паводле двух артыкулаў: «перавышэньне службовых паўнамоцтваў» і «дапамога замежнай арганізацыі ў варожай дзейнасьці». У ведамстве заяўляюць, што хочуць вызначыць, на якой інфармацыі грунтаваліся інтэрвію крыніц BBC, наколькі дакладныя апублікаваныя імі зьвесткі і ці могуць яны лічыцца рэлевантнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі дэманстранта ўпершыню затрымалі за «перакрыцьцё дарогі» паводле крымінальнага артыкулу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Грузіі ўзмацнілі пакараньні за закрыты твар і перакрытыя дарогі падчас мітынгаў