Сабралі патрэбныя сродкі на лячэньне 8-гадовага хлопчыка з Горадні. Для гэтага пералічылі грошы падазраваных у крадзяжы

Ілюстрацыйнае фота

Раней затрымалі двух блогераў, якіх абвінавацілі ў крадзяжы грошай, дасланых людзьмі на дабрачыннасьць.

Маці 8-гадовага Івана Стацэнкі, якому паставілі дыягназ «цягліцавая дыстрафія Дзюшэна — Бэкера», пацьвердзіла Onliner, што патрэбная сума сабраная і што ў хуткім часе хлопчыка павязуць у клініку ў Дубай, дзе яму маюць зрабіць патрэбную ін’екцыю.

Неабходную суму сабралі, скарыстаўшы ў тым ліку арыштаваныя сродкі падазраваных блогераў, паведаміў Сьледчы камітэт. Паводле Onliner, гэта было больш за 266 тысяч рублёў

У лістападзе Міністэрства ўнутраных спраў паведамляла, што на лячэньне сабралі 1,5 млн рублёў, але хвораму дзіцяці пайшла толькі малая частка.

Паводле МУС, двое гродзенскіх блогераў запрашалі падпісантаў паўдзельнічаць у розыгрышы. Ім прапаноўвалася пералічыць па 10 рублёў і выйграць адзін з прызоў, сярод якіх прыгадваліся смартфоны і нават аўтамабіль.

Большую частку грошай арганізатары розыгрышу абяцалі адправіць на лячэньне хлопчыка. Але насамрэч з атрыманых прыкладна 1,5 млн рублёў блогеры аддалі маці дзіцяці 200 тыс. Яшчэ 315 тыс. рублёў пайшло на падарункі для ўдзельнікаў стрыму. Астатнія сродкі блогеры, як сьцьвярджае сьледзтва, патрацілі на паездкі на Мальдывы і ў ААЭ, азартныя гульні і іншыя забаўкі.

У выніку 17-гадовы жыхар Горадні і ягоная 37-гадовая сяброўка сталі фігурантамі крымінальнай справы аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BySol завяршыў выплаты палітвязьням, вызваленым і вывезеным у Літву 11 верасьня