Беларускі мэтал-гурт Gods Tower абвясьціў пра гастролі ў лютым 2026 году

Gods Tower на сцэне, архіўнае фота

Гурт распадаўся і аднаўляўся зноў. Калектыў адзін з найбольш вядомых за мяжою сярод беларускіх выканаўцаў.

Тур будзе прысьвечаны 30-годзьдзю выпуску альбому The Turns.

«Усе гэтыя гады мы стаялі на скрыжаваньні сьвятла і цемры, матэрыяльнага і бесьцялеснага — і мы ведаем, што ўсе дарогі вядуць у адну і тую ж цемру і бясконцасьць. Мы жывем празь сьмерць і адраджэньне, распад і ўзьяднаньне — гэтак жа, як Сусьвет мільярды гадоў да нас, і будзе жыць, калі ад нас застанецца толькі попел. Мы цярпім The Turns. Трансфармацыі. Мы ператвараем гэтыя імгненьні ў гук — не дзеля суцяшэньня, а таму, што іншага шляху няма. Мы прыйшлі да вас, каб падзяліцца тым, як гучаць трансфармацыі Сусьвету, калі само жыцьцё становіцца яго ўласным рэхам», — напісаў гурт у прадмове да туру.

Выступаць Gods Tower будуць з адмыслова запрошаным госьцем Ka’aper.

Пачнуцца гастролі 18 лютага ўва Ўроцлаве, далей калектыў адправіцца ў Бэрлін, Познань, Кракаў, Варшаву, Лімасол, Гданьск і Коўну. Такім чынам, тур ахопіць чатыры краіны: Польшчу, Нямеччыну, Кіпр і Літву.

Gods Tower — беларускі мэтал-гурт з Гомлі, заснаваны ў 1989 годзе. Добра вядомы за мяжою. Выконвае свае песьні на ангельскай мове. Распадаўся і аднаўляўся зноў. Апошнім часам у гурта былі толькі паасобныя запісы і выступы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гурт Kasary Сержука Доўгушава выпусьціў першы альбом

Заснавальнік і вакаліст гурта — Уладзіслаў Наважылаў, сцэнічны псэўданім Нож (Lesley Knife). Апошнія гады вымушана жыве за мяжою, што стала адной з прычынаў нізкай актыўнасьці гурта.

У 2021 годзе музыку абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу ў абразе прадстаўніка ўлады — старшыні Гомельскага аблвыканкаму Генадзя Салаўя. За гэта ён атрымаў 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У жніўні 2021 году Наважылаў пакінуў Беларусь.

24 чэрвеня 2024 году яго завочна асудзілі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні „Рудобельская паказуха“» (ч. 1 арт. 361-1 КК) на тэрмін 8 гадоў пазбаўленьня волі зь вялізным штрафам, а таксама прызналі «тэрарыстам».

Апошнім часам піша кнігі, сярод якіх «Білінгвы», ужо прэзэнтаваныя на шэрагу беларускіх фэстываляў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я з сваімі чарцямі й галюнікамі апавядаю, як жыла-была каманда Gods Tower». Музыка Ўладзіслаў Наважылаў пра вяртаньне да літаратуры