Кампанія «Літоўскія аэрапорты» (Lietuvos oro uostai, LTOU) падлічыла ўрон, які аэрапорты Вільні і Коўна панесьлі ў выніку залётаў метэазондаў зь Беларусі ў Літву.
Як паведамляе LRT, у кастрычніку-лістападзе Віленскі аэрапорт уводзіў абмежаваньні 13 разоў, Ковенскі — адзін раз. Абмежаваньні закранулі 320 рэйсаў і больш за 45 тысяч пасажыраў, паведамляе LRT. «Па нашых падліках, колькасьць закранутых пасажыраў складае каля 5 працэнтаў ад агульнай колькасьці пасажыраў, абслужаных за два месяцы ў Віленскім аэрапорце», — распавёў прадстаўнік аэрапортаў Літвы Тадас Васіляўскас.
На гэты момант LTOU ацэньвае шкоду ў больш за 750 тысяч эўра, але сума можа вырасьці.
«Цяпер сума ацэненых страт перавышае 750 тысяч эўра, аднак страты будуць яшчэ большымі. Ня ўсе партнэры пасьпелі ацаніць панесеную шкоду. Міжнародным партнэрам патрабуецца больш часу для разьлікаў», — заявіў Васіляўскас.
Апошні раз Віленскі аэрапорт закрываўся ў ноч з мінулай нядзелі на панядзелак. Абмежаваньні закранулі 50 рэйсаў і 7400 пасажыраў.
Тады 60 мэтэазондаў паралізавалі працу Віленскага аэрапорту, паведамляў Саўлюс Батавічус, дырэктар кампаніі Oro navigacija. У нядзелю Віленскі аэрапорт быў зачынены на 11 гадзін.
«Балёны запускаліся з пэўнымі інтэрваламі, каб яны пастаянна знаходзіліся ў крытычных зонах для руху транспарту ў Віленскім аэрапорце. А нам заставалася толькі бездапаможна назіраць, як балёны павісьлі, і мы не маглі аднавіць рух у аэрапорце. Некалькі балёнаў практычна перакрылі шляхі ў Віленскі аэрапорт. Я б назваў гэта сыстэматычным нападам на грамадзянскую авіяцыю», — падкрэсьліў ён.
Тым часам абмяркоўваецца пытаньне пераносу начных рэйсаў у Ковенскі аэрапорт, паведамляе Delfi.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дапаможа Эўразьвяз Літве ў супрацьстаяньні з Лукашэнкам — меркаваньне палітоляга КазакевічаЗ-за паветранай кантрабанды ўжо другі месяц рэгулярна закрываюць Віленскі аэрапорт, па гэтай прычыне разглядаюць варыянт пераносу начных рэйсаў у Коўна, сказаў прадстаўнік прэм’ер-міністра Інгі Ругінене Ігнас Дабравольскас. Ён ня мог удакладніць, калі наступным разам зьбярэцца Камісія па нацыянальнай бясьпецы, якая можа вырашыць гэтае пытаньне, але сказаў, што гэта адбудзецца «найбліжэйшым часам».
На дапамогу авіяпасажырам прыйшла старонка сацсетак «Надворʼе і клімат у Літве», якая стварыла сайт, на якім прагназуюць верагоднасць зьяўленьня мэтэазондаў у навакольлях Віленскага аэрапорту.
«Мы вылічваем верагоднасьць, у які дзень вецер будзе дзьмуць з боку Ліды або Горадні ў бок Віленскага аэрапорта. Калі вецер спрыяльны, то верагоднасьць зьяўленьня мэтэазондаў высокая. Калі вецер дзьме ў іншы бок — мы ў бясьпецы. Чырвоны колер — высокі ўзровень небясьпекі», — паведаміў сайт метэаролягаў.
Перад гэтым Віленскі аэрапорт закрываўся зь вечару пятніцы, 28 лістапада, да ранку суботы, 29 лістапада.
Закрывалася лётнішча і 26 лістапада, але тады прычынай былі не паветраныя балёны з кантрабандай зь Беларусі, а самалёт, які выехаў з дарожкі руляваньня з прычыны непагадзі. Тады аэрапорт закрывалі амаль на восем гадзін.
У ноч з 23 на 24 лістапада праца аэрапорту прыпынялася праз мэтэазонды двойчы. Тады скасавалі пяць рэйсаў. Тады ж беларускія мэтэазонды ўпершыню знайшлі ў суседняй Латвіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі заявілі пра залёт дрона з тэрыторыі Літвы. У Вільні кажуць пра «зламысную дзейнасьць» МенскуЗакрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
- Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
- А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
- Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
- Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
- Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
- Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
- Пераходы Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) зноў адкрыліся 20 лістапада.