Хроніка перасьледу 2 сьнежня: сямейную пару з Гомля асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

Сьвятлана Якубовіч і Станіслаў Мачалаў. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Сямейную пару з Гомля асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

У Гомельскім абласным судзе 26 лістапада 2025 года вынесьлі прысуд сямейнай пары Станіславу Мачалаву і Святлане Якубовіч паводле ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, зьдзейсьненае паўторна або групай асобаў) Крымінальнага кодэкса. Станіславу прызначылі чатыры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму, Сьвятлане — пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Вясна».

Сямейную пару затрымалі напрыканцы кастрычніка 2024 года. Станіслава і Сьвятлану да суду ўтрымлівалі 13 месяцаў у гомельскім СІЗА № 3. У маці Станіслава выявілі анкалягічнае захворваньне. У Станіслава пасьля адміністрацыйнага арышту ў 2021 годзе пачаліся моцныя праблемы з ціскам.

Гамельчукі пабраліся шлюбам у турме падчас першага зьняволення Станіслава ў 2022 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дату шлюбу ніхто не забудзе — у гэты дзень пачалася вайна». Палітзьняволены Станіслаў Мачалаў ажаніўся ў турме

Станіслаў — гомельскі актывіст, які працаваў праграмістам. Гэта ня першы палітычны суд над гамельчуком. Першы раз яго затрымалі вясною 2021 года і асудзілі паводле двух палітычных артыкулаў, у тым ліку за ўдзел у акцыях пратэсту, на тры гады калёніі. У сьнежні 2023 года Станіслаў выйшаў на волю цалкам адбыўшы тэрмін, але праз год яго зноў затрымалі па новай крымінальнай справе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Станіслаў Мачалаў за кратамі пабраўся шлюбам

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».