«ПіК Свабоды» з Валерам Кавалеўскім: «Ані Пазьняк, ані Ціханоўскі не зьяўляюцца тымі фігурамі, да якіх будуць прыслухоўвацца ў Вашынгтоне»

Палітык Валер Кавалеўскі, былы палітвязень, блогер Сяргей Ціханоўскі. Ілюстрацыйны каляж. "ПіК Свабоды"

Ці стане Ціханоўскі голасам беларусаў у ЗША? Ці трэба апублічваць канфлікты ў яго камандзе? Ці вычарпаны канфлікт экс-палітвязьня з Офісам ягонай жонкі? Хто зацікаўлены ў эскаляцыі беларуска-літоўскага канфлікту? Чаму прапаганда ўчапілася за прылёт дрона нібы зь Літвы, не заўважаючы дроны з Расеі?

Пра гэта ды іншае ў жывым эфіры «ПіКа Свабоды» Ганна Соўсь абмяркоўвае з палітыкам, кіраўніком Агенцтва трансатлянтычнага супрацоўніцтва Валерам Кавалеўскім.


Тут фрагмэнты размовы

— Наколькі плённая публічная праца Сяргея Ціханоўскага ў ЗША, я маю на ўвазе выступ у Ейльскім унівэрсытэце і артыкул у «Вашынгтон Пост»?

— Найпершае хацеў бы адзначыць, што дэфіцыту беларускай прысутнасьці ў Злучаных Штатах няма. І ў Вашынгтоне няма гэтага дэфіцыту. Вельмі шмат сілаў працуе ў Вашынгтоне на пастаяннай аснове. Гэта найперш беларуская дыяспара, якая досыць добра арганізаваная і пасьля 2020-га года сапраўды паказала выдатныя вынікі ў гэтай працы. Прыгадаць тое самае прыняцьце Акта аб дэмакратыі ў Беларусі літаральна за тры месяцы. Я кажу тут і пра нашую працу — Кааліцыя па вызваленьні палітвязьняў вельмі часта езьдзіць у Вашынгтон і мае магчымасьці даводзіць сваю інфармацыю, прыцягваць увагу, даводзіць рэкамэндацыі па тым, што трэба рабіць з Беларусьсю. Гэта і палітызаваныя структуры, гэта і аналітычныя цэнтры. Ёсьць кантакты з амэрыканскімі дыпляматамі і па-за межамі Злучаных Штатаў, з дыпляматычным корпусам, фактычна паўсюдна, дзе мы езьдзім з нашай місіяй.

Недастаткова сабраць па розных крыніцах нейкіх ідэй і выдаваць іх як нейкія праграмныя дакумэнты. Трэба тлумачыць гэтыя ідэі, трэба раскладаць на дэталі, трэба настройваць на сваю хвалю спэцыялістаў, палітыкаў, дыпляматаў, экспэртаў на самых розных узроўнях. Тут трэба вельмі старанная і руплівая праца, ня мітынгі і не папулізм. Трэба пасьлядоўнасьць, трэба ўвага да дэталяў, удумлівасьць, а не шараханьне, імкненьне да глябальных і пры гэтым імгненных рашэньняў. Я ня думаю, што на сёньняшні дзень Сяргей Ціханоўскі гатовы да такой руплівай працы ад дзьвярэй да дзьвярэй, хадзіць, праводзіць сустрэчы, слухаць, улічваць меркаваньні таго боку таксама, а ня проста агучваць нейкія палітычныя сэнсы, як кажа Вадзім Пракоп’еў. Зараз ня час будаваць гэтыя геапалітычныя канструкты, рабіць зь Беларусі Фінляндыю... Час не выдумліваць новыя пражэкты, а працаваць над вырашэньнем зразумелых тактычных і стратэгічных задач. І на сёньняшні дзень гэта палітвязьні, гэта рэпрэсіі і гэта таксама сувэрэнітэт і незалежнасьць нашай краіны.

— Як вы мяркуеце, ці ўдасца Ціханоўскаму заявіць пра сябе Трампу, сустрэцца зь ім, спадабацца прэзыдэнту ЗША?

— Я выключаю гэта амаль на 100%. Можа, застаецца сотая доля працэнта, што гэта можа адбыцца. За амаль пяць гадоў прэзыдэнцтва Трампа, з улікам першага тэрміну і зараз другога тэрміну, я не памятаю, каб ён сустракаўся з актывістамі, каб ён сустракаўся з людзьмі, якія абсалютна не прыналежаць да яго кола, да яго вымярэньняў, у якім ён жыў усё сваё жыцьцё. Таму наўрад ці што такое здарыцца. Мне здаецца, што даволі сумнеўная стаўка менавіта на рэспубліканскі істэблішмэнт, гэта адступленьне ад тых прынцыпаў, ад тых мадэляў узаемадзеяньня з амэрыканцамі, якія напрацоўваліся дзесяцігодзьдзямі пасьля Другой сусьветнай вайны, калі шмат беларусаў апынулася ў Злучаных Штатах і пачалі арганізаваную дзейнасьць па адвакацыі на карысьць незалежнай Беларусі. Заўсёды вытрымліваліся паважлівыя нармальныя канструктыўныя стасункі і з дэмакратамі і з рэспубліканцамі, і гэта абсалютна не шкодзіла справе, наадварот гэта заўсёды спрыяла таму што пазыцыя Злучаных Штатаў, увага Злучаных Штатаў да Беларусі была ўстойлівай, у незалежнасьці ад таго, якая адміністрацыя на сёньняшні дзень знаходзіцца ў Белым доме.

Мне здаецца, што гэта стратэгічны пралік і нельга гэтаму дазваляць здарацца, каб людзі, якія фактычна ня маюць легітымнасьці, прыяжджаюць у Вашынгтон і выказваюцца ад імя беларускага народа: «Нам трэба Фінляндыя, мы гатовы паступіцца гэтым, мы гатовы паступіцца тым». Я не думаю, што Пракопʼеў і Сяргей Ціханоўскі ў той сытуацыі, калі ў іх ёсьць мандат заяўляць такія рэчы ад імя беларускага народа па тэмах, па сэнсах, па ідэях, якія ніякім чынам не былі апрабіраваныя ці абмеркаваныя нават беларускім грамадзтвам. Таму гэта авантурызм, пражэкцёрства, якія могуць мець свае наступствы. Я спадзяюся, што амэрыканскі істэблішмэнт будзе вельмі ўважліва назіраць за тым, што кажуць гэтыя людзі, з якімі яны праходзяць, і будуць аддзяляць іх ад больш прафэсійнай працы, якая вядзецца дэмакратычнай супольнасьцю на самых розных узроўнях.

— Я хацела вас папрасіць параўнаць двух палітыкаў. Зянон Пазьняк у сваіх сацыяльных сетках вельмі камплімэнтарна выказваецца пра прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. І Сяргей Ціханоўскі зараз заяўляе сябе як вялікім прыхільнікам Дональда Трампа. Як бы вы параўналі стратэгію Пазьняка і Ціханоўскага і іх шанцы як быць пачутымі амэрыканскай адміністрацыяй?

— У пэўным сэнсе іх падыходы пераклікаюцца. Я магу сказаць, што і мае погляды на сёньняшнюю сытуацыю і рэкамэндацыі па тым, што трэба было рабіць, пераклікаюцца з падыходамі Зянона Станіслававіча Пазьняка. Ён, канешне, фігура вельмі значная для беларускай гісторыі, для гісторыі незалежнасьці нашай краіны. Я не ўпэўнены ў тым, што ў яго такая самая вага ў Вашынгтоне сярод амэрыканскіх палітыкаў. Найхутчэй пра яго ня вельмі добра ведаюць, то бок яго прыхільнасьць да Дональда Трампа, да яго падыходаў — гэта асобная рэч, кожны з нас мае права мець такія прыхільнасьці. Ані адзін, ані другі чалавек на сёньняшні дзень не зьяўляюцца ўплывовымі фігурамі ў Вашынгтоне, якіх бы ведалі, якіх бы разумелі, у якіх было б там ужо 10-20-30 сустрэч за сьпіной. Вашынгтон — складанае месца для працы і для таго, каб там пра цябе памяталі і цябе разумелі, і табе давяралі. Трэба дзесяцігодзьдзі для таго, каб напрацоўваць, гады вельмі актыўнай узаемапрацы, дыялёга, пастаянна падтрымкі адносінаў. Ані Пазьняк, ані Ціханоўскі на сёньняшні дзень не зьяўляюцца тымі фігурамі, да якіх будуць прыслухоўвацца ў Вашынгтоне.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.