Колькасьць прыхільнікаў расейскай ядзернай зброі ў Беларусі вырасла больш як удвая, — сацыялягічнае апытаньне

Ілюстрацыйнае фота

Праект «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House абнародаваў вынікі апытаньня, праведзенага онлайн у жніўні і лістападзе сёлета. Было апытана 713 жыхароў беларускіх гарадоў.

Асноўныя вынікі апытаньня:

  • Беларускія гараджане ў большасьці выступаюць супраць прыцягненьня ў краіну замежных працоўных мігрантаў.
  • Ваенныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне ўхваляюць 27% апытаных, не ўхваляюць — 38% рэспандэнтаў, траціне цяжка адказаць на пытаньне.
  • Палова апытаных мяркуе, што ў вайне пераможа Расея, 8% — што Ўкраіна. Доля тых, хто верыць у перамогу Ўкраіны — найменшая з сакавіка 2022 году, тады яна складала 21%.
  • У пытаньні пра геапалітычны выбар Беларусі за саюз з Расеяй выказаліся 44% апытаных, за ўступленьне краіны ў Эўразьвяз — 15%, 19% аддалі перавагу неўступленьню Беларусі ні ў якія саюзы.
  • Што да вайскова-палітычных саюзаў, то больш за палову апытаных (55%) выказаліся за захаваньне сяброўства краіны ў АДКБ і пасьля зьмены палітычнага кіраўніцтва Беларусі, 8% — за ўступленьне Беларусі ў NATO, 37% — за выхад з АДКБ і захаваньне нэўтралітэту.
  • Апытаньне зафіксавала рост долі прыхільнікаў разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі. Калі ў сакавіку 2022 году іх было 20%, сёлета — 45%. Аднак і зараз большасьць супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ТЯЗ.


25 сакавіка 2023 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў аб плянах Расеі разьмясьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. 10 сьнежня 2024 году Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджаў, што на тэрыторыі Беларусі ўжо была ядзерная зброя, але не прывёў ніякіх доказаў сваім словам. У траўні 2025 году дзяржаўны сакратар Рады Бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч зноў заявіў, што ў Беларусі разьмешчаная расейская тактычная ядзерная зброя. Заходнія экспэрты ставяць гэтыя сьцьверджаньні пад сумнеў.

3 сьнежня а 1630 менскага часу ў «ПіКу Свабоды» на Youtube-канале Свабода Premium — інтэрвію з кіраўніком праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House, доктарам паліталёгіі Рыгорам Астапенем пра вынікі гэтага апытаньня.