З 2020 году ў Беларусі ліквідавалі амаль дзьве тысячы грамадзкіх арганізацыяў

Суд у Менску, ілюстрацыйнае фота

За пяць гадоў і амаль чатыры месяцы — з дня прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да 30 лістапада 2025-га — у Беларусі ліквідавана ня менш за 1984 некамэрцыйных арганізацыяў (НКА) — аб’яднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных установаў, асацыяцыяў.

Гэта вынікае з новага агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец лістапада 2025 году ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася не менш за 1216 НКА.

Рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі прынамсі 768 арганізацыяў.

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што ў сувязі з прафэсійнай дзейнасьцю, удзелам у арганізацыях грамадзянскай супольнасьці, праявамі грамадзянскай актыўнасьці пазбаўленыя волі ня менш за пяць прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў, дзясяткі прадстаўнікоў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, рэлігійных арганізацыяў, 20 прадстаўнікоў прафэсійных саюзаў і працоўнага руху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За месяц колькасьць ліквідаваных у Беларусі грамадзкіх арганізацый павялічылася на 35

«У адносінах да прадстаўнікоў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці працягвае актыўна выкарыстоўвацца заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму. Шырока распаўсюджаная практыка крымінальнага пакараньня за аказаньне фінансавай дапамогі некамэрцыйным арганізацыям і іх мэтавым групам», — гаворыцца ў справаздачы Lawtrend.

Адзначаецца таксама, што праект закону «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2026 год», прыняты ў першым чытаньні 24 лістапада, прадугледжвае выдзяленьне сродкаў з рэспубліканскага бюджэту «Саюзу пісьменьнікаў Беларусі» (774 727 рублеў) і «Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі» (16 436 222 рублі).