Вільня заклікала Эўразьвяз увесьці новыя санкцыі супраць Менску ў сувязі з залётамі ў Літву аэрастатаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Літва таксама зьвярнулася ў Эўрапейскую камісію з просьбай дапамагчы вярнуць больш за тысячу літоўскіх грузавікоў, якія ня могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі ад моманту закрыцьця мяжы. Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен заявіла, што Брусэль рыхтуе далейшыя захады адносна Беларусі ў рамках рэжыму санкцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтуем далейшыя меры ў рамках рэжыму санкцый». Прэзыдэнты Эўракамісіі і Літвы абмеркавалі сытуацыю на літоўска-беларускай мяжыНа думку эўрапейскага рэдактара Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкарда Юзьвяка, Эўразьвяз мае няшмат магчымасьцяў прымусіць Менск вярнуць грузавікі, акрамя санкцыяў і зваротаў у міжнародныя арганізацыі, як ААН і арганізацыя Эўрапейскага пагадненьня аб працы экіпажаў транспартных сродкаў, якія выконваюць міжнародныя аўтамабільныя перавозкі.
Юзьвяк упэўнены, што Брусэль увядзе дадатковыя санкцыі супраць Беларусі, асобна ад 20-га пакета санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі і Расеі за агрэсію супраць Украіны.
Паводле інфармацыі эўрапейскага рэдактара Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, асобны пакет санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі будзе ўведзены ў бліжэйшыя тыдні. Эўразьвяз будзе працаваць над зьменай рэжыму санкцый супраць Беларусі, каб уключыць «гібрыдныя атакі» у сьпіс парушэньняў, якія падпадаюць пад санкцыі.
Юзьвяк адзначыў, што чакаецца як пашырэньне пэрсанальных санкцыяў, гэтак і сэктаральныя санкцыі супраць пэўных галінаў беларускай эканомікі.
Паводле яго, у Эўразьвязе ёсьць адзінадушная пазыцыя ў пытаньні гэтых дадатковых санкцыяў адносна Беларусі — магчыма, за выключэньнем Вугоршчыны, але і яна пакуль выразна не пярэчыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня можа ляцець тысячу кілямэтраў» Што вядома пра дрон, які, з словаў беларускіх сілавікоў, прыляцеў у Горадню зь ЛітвыРыкард Юзьвяк адзначае, што ў гэтым пытаньні Брусэль і большасьць эўрапейскіх сталіцаў маюць іншае ўяўленьне, чым Злучаныя Штаты. Эўрапейскія дзяржавы зьвяртаюць увагу на гібрыдныя атакі, кшталту палётаў балёнаў зь Беларусі ў Літву, на мігрантаў, якія накіроўваюцца зь Беларусі да межаў ЭЗ, на працяг арыштаў прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.
У адрозьненьне ад Вашынгтону ў Брусэлі кажуць, што ня бачаць ніякіх істотных зьменаў да лепшага ў Беларусі, нягледзячы на вызваленьне некаторых палітвязьняў.
Урад Літвы ўпершыню прадставіў Эўразьвязу свае прапановы ў санкцыях адносна Беларусі за палёты паветраных балёнаў з кантрабандай яшчэ напрыканцы кастрычніка. Санкцыі дагэтуль не ўвялі. Між тым у 2021 годзе, калі спэцслужбы Аляксандра Лукашэнкі прымусова пасадзілі ў Менску самалёт Ryanair, рашэньне аб санкцыях у адказ Эўразьвяз прыняў літаральна за некалькі дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дапаможа Эўразьвяз Літве ў супрацьстаяньні з Лукашэнкам — меркаваньне палітоляга КазакевічаРыкард Юзьвяк тлумачыць, што прымусовае затрыманьне самалёта было міжнародным інцыдэнтам, у якім закранулі інтарэсы некалькіх дзяржаваў адначасова, і ён быў беспрэцэдэнтным. Таму ЭЗ мусіў дзейнічаць хутка. Палёты паветраных балёнаў — гэта хутчэй «лякальны» інцыдэнт, адзначае Юзьвяк.
«Калі я размаўляў зь літоўскімі дыпляматамі, у мяне склалася ўражаньне, што яны спачатку хацелі вырашыць гэта на двухбаковым узроўні і нядаўна адкрылі мяжу на знак „добрай волі“ — каб паглядзець, ці спрацуе гэта. Відавочна, што гэта не спрацавала, і цяпер яны замест гэтага гатовыя працаваць з санкцыямі. І гэта тое, чаго астатнія 26 чальцоў ЭЗ таксама цалкам гатовыя дамагацца», — кажа эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
- Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
- А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
- Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
- Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
- Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
- Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
- Пераходы Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) зноў адкрыліся 20 лістапада.