Шэсьць тысяч сірот з Расеі ўдзельнічалі ў вайне з Украінай, чатыры тысячы зь іх вярнуліся з зоны баявых дзеяньняў, яшчэ дзьве тысячы працягваюць службу. Гэтыя лічбы назвала газэце «Ведомости» дэпутат Дзярждумы РФ Ніна Астаніна ў канцы верасьня 2025 году. Колькі сірот загінулі, сталі інвалідамі ці трапілі ў палон, яна не ўдакладніла. Па зьвестках старшыні праўленьня Крымскай рэгіянальнай грамадзкай арганізацыі дапамогі грамадзянам, якія апынуліся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі, «Жыцьцё ў тваіх руках» Кацярыны Гарэлкінай, на вайне загінулі 145 сірот. Журналісты «Сибирь.Реалии» за тры з паловай гады вайны знайшлі 190 нэкралёгаў.
30 жніўня ў горадзе Міяс Чэлябінскай вобласьці пахавалі загінулага на вайне ва Ўкраіне 20-гадовага Даніла Трубеева. У кастрычніку 2024 году ён трапіў у палон на Тарэцкім напрамку. Як пісаў тэлеграм-канал «Палонныя СВА», байцы «Азова» літаральна дасталі яго з-пад завалаў разам з трыма саслужыўцамі. У інтэрвію ўся чацьвёрка казала, што іх адправілі «з аўтаматам супраць танка», і дзякавала ўкраінцам за выратаваньне.
У красавіку 2025 году Даніла абмянялі, але, паводле слоў родных і сяброў, камандзіры не далі яму нават водпуску. Празь некалькі месяцаў ён загінуў. На пытаньне, чаму пайшоў ваяваць, ягоныя настаўнікі і родныя адказваюць проста: ён сірата. Паводле іхных слоў, акрамя праблем з жыльлём, зь якімі сутыкаюцца сіроты, стаўшы паўналетнімі, на іх уплывае атмасфэра ў дзіцячых дамах і цэнтрах дапамогі дзецям, дзе яны праводзяць большую частку часу.
«Ім мыюць мазгі 24/7, крытычнае мысьленьне не разьвіваюць. Ніякае не разьвіваюць: яны ж у краме хлеб вучацца купляць у 18 гадоў, калі пакідаюць дзіцячы дом», — кажа настаўніца загінулага.
«Я страляць там ня буду. Затое карміць будуць, кватэру куплю»
Загінулы пасьля палону сірата Даніл Трубееў (справа)
— Чаму падпісаў? — задумаўся адзін са сваякоў Даніла. — Я ня ведаю. Я яго адгаворваў. Але ён лічыў, што лёгка заробіць грошай — яму абяцалі, што забіваць яму ня прыйдзецца: «Буду сядзець пры штабе, чыніць машыны». Ага, зара. Празь месяц ён мне тэлефанаваў — прасіў яго выцягнуць. Аказалася, яго кінулі штурмавіком, частка № 71 443, нават без падрыхтоўкі. Тыдзень яны правялі на шыхтаваньнях — гэта падрыхтоўка? Прасіў дапамагчы, хацеў вярнуцца. А што я зрабіць магу?!
На пытаньні пра дзяцінства сваякі Даніла перш за ўсё апраўдваюцца, што «ніяк не маглі ўзяць яго да сябе». Пасьля трэцяй клясы школы Даніл трапіў у дзіцячы дом — міяскі Цэнтар дапамогі дзецям «Вясёлка». Яго маці скончыла жыцьцё самагубствам, а бацька «не захацеў узяць» сына ў новую сямʼю.
— Мама не была з бацькам у афіцыйным шлюбе, яна адна хадзіла на бацькоўскія сходы, бацька не зьяўляўся. Мама [Даніла] вельмі любіла, я не разумею, як яна змагла вось гэтак яго пакінуць. Здарылася трагедыя: яна ўтапілася ў гарадзкой сажалцы, а родны бацька ад хлопчыка адмовіўся. Старэйшы брат быў сам яшчэ падлетак, ён ад другога бацькі. Дзядзькі і цёткі — далёка, — апавядае адна зь першых настаўніц Даніла Вольга Валерʼеўна (усе імёны зьмененыя дзеля бясьпекі суразмоўцаў). — Хлопчык некалькі гадоў ня мог ачуцца — як 8 сакавіка (дзень сьмерці маці), — так у сьлёзы.
Даніл Трубееў зь іншымі выхаванцамі цэнтра дапамогі дзецям
Сваякі бацькі памятаюць Даніла толькі вельмі маленькім.
— Ціхі, рахманы быў. Наша бабуля хацела яго да сябе ўзяць, калі бацька адмовіўся. Але ёй стала блага са здароўем. І Даньку здалі ў дзіцячы дом. Старэйшы брат яго наведваў, але ў яго самога ні кута, нічога не было, — кажа сваячка Алена.
Блізкія сваякі Даніла лічаць, што з узростам больш самастойным ён так і ня стаў.
— Што скажуць, таму і паверыць: кватэру ашуканцам адпісаў, бяз грошай сядзеў. Хоць спэцыяльнасьць была — год таму ён скончыў прафліцэй № 8, навучыўся рамантаваць машыны. Але працу ня змог знайсьці. Тут яму і паабяцалі месца мэханіка. Я яму кажу — куды ты лезеш? Гэта ж мэханік на «СВА». Ён: «Я страляць там і ня буду, мне сказалі — пры штабе сядзець буду. Затое карміць будуць, потым кватэру куплю». Ну вось, купіў... — уздыхае ягоны сваяк Ігар .
У кастрычніку 2024 году 19-гадовага выхаванца дзіцячага дома адправілі штурмавіком на Тарэцкі напрамак, дзе ён трапіў у палон да салдат «Азова».
Даніл Трубееў (справа)
— Спачатку я спалохаўся, усё думаў, дзе і як ён загінуў. У студзені ўбачыў кароткае відэа зь ягоным імем, выдыхнуў: ён у палоне. Думаў усё, як бы яго хутчэй абмянялі, ці што. А ў красавіку, калі абмен прайшоў, аказалася, што баяцца трэба было не палону, — кажа Ігар. — Даня пасьля абмену спрабаваў вярнуцца дадому. Ён у палоне абяцаў, што ня вернецца больш на фронт. Але вырвацца ўжо не ўдалося. Спачатку адабралі тэлефон, дакумэнты і пасадзілі ў яміну, потым — на штурмы. У жніўні ён у адным зь іх загінуў.
30 жніўня 2025 году Даніла пахавалі. На цырымонію прыйшло некалькі аднакурсьнікаў з прафліцэю, настаўнікі.
— Народу няшмат было, са сваякоў усяго пару чалавек. Я не пыталася, чаму яны яго пакінулі ў дзіцячым доме. Але мая думка — усё пайшло адтуль. Там усе сьцены абвешаныя плякатамі з рэклямай кантрактаў з шалёнымі сумамі «зарплаты», па тэлевізары — навіны пра тое, як лёгка і проста ваяваць ва Ўкраіне. З камісарыятаў заходзяць свабодна і рэклямуюць вайну, літаральна падманваюць: «Будзеш сядзець заўгасам у тыле, ніводнага „нацыста“ ўжывую ня ўбачыш». Яны вушы разьвесяць, а потым прыяжджаюць у цынку, — кажа былая настаўніца цэнтра дапамогі Аляксандра Сямёнаўна. — У клясе сказаць нешта супраць небясьпечна, возьмеш, завядзеш па адным — спрабуеш растлумачыць, але куды там, вочы шкляныя. «Я зараз у чарзе на кватэру тысяча сто пяты па ліку, падпішу — стану першым!»
Плякаты ў спартзалі пры цэнтры, дзе гадаваўся Трубееў
190 нэкралёгаў сіротаў
Нягледзячы на адсутнасьць афіцыйнай статыстыкі, супрацоўнікі дзіцячых дамоў, зь якімі ўдалося пагутарыць журналістам «Сибирь.Реалии», упэўненыя, што фактычна гаворка можа ісьці пра некалькі тысяч загінулых на вайне сіротах.
Разьвітаньне з выпускніком Куганацкага дзіцячага дома Рустамам Нурыахметавым
— Я думаю, з кожнай установы на «СВА» пайшло ня менш за дзесяць хлопцаў. Але гэта тыя, пра каго нам вядома! Ня ўсё падтрымліваюць сувязь з пэдагогамі пасьля выпуску. Тыя, хто больш сацыялізаваны, маюць зносіны, прыяжджаюць на вакацыі. А куды ім ехаць? У студэнцкім інтэрнаце на лета ім не дазваляюць заставацца. Жыльлё дзяржава не сьпяшаецца ім даць. Вось мы і спрабуем нейк выкруціцца: каго часова працаўладкаваць, каму проста даём начлег, — хоць гэта і незаконна. Але шмат і тых, хто проста бадзяецца па нейкіх знаёмых або ў калёнію трапляе. Пра іх нам мала што вядома. Даведаемся, калі сьледчы характарыстыку запытвае. Вось, паводле нашай інфармацыі, зараз сем нашых выпускнікоў на «СВА». Толькі адзін казаў, што зьбіраецца заключыць кантракт. Пра астатніх пачулі выпадкова. Двое зь іх лічацца зьніклымі бязь вестак. У выпадку сьмерці нас таксама наўрад апавясьцяць. Хто мы такія? — дзеліцца Тацьцяна Жукава, супрацоўніца дзіцячага дома ў Краснаярскім краі.
Ейныя словы пацьвярджаюцца фатаграфіямі і публікацыямі, якія некаторыя сацыяльныя ўстановы выкладваюць у сацсетках. Абдулінскі дзіцячы дом у Арэнбурскай вобласьці расказвае на сваёй афіцыйнай старонцы толькі пра загінулых выпускнікоў — сёньня іх сем. На стэндзе «ўдзельнікі СВА» дзіцячага дома № 28 у вёсцы Багароцкае ў Хабараўскім краі летась у траўні было дзевяць фатаграфій выпускнікоў, сёлета — 11, зь іх як мінімум адзін ужо загінуў.
Cтэнд у дзіцячым доме № 28 у вёсцы Багароцкае
Пэдагогі пішуць, што многія ідуць на вайну «за кампанію». Напрыклад, Уладзіслаў Балонеў з адзнакай скончыў тэхнікум па спэцыяльнасьці «кухар-кандытар». Але здолеў знайсьці толькі працу ахоўніка ў сельскай школе. У 2024 годзе, даведаўшыся, што ваяваць пайшлі хлопцы зь дзіцячага дома, ён таксама падпісаў кантракт.
Дзіцячы дом № 7 горада Ізбэрбаш у Дагестане апублікаваў ролік з шасьцю выпускнікамі, якія зараз ваююць. На сьцяне Каласоўскага дома дзяцінства ў Омскай вобласьці вісяць дзьве мэмарыяльныя шыльды ў памяць пра загінулых на вайне выпускнікоў.
«Вайну мы не папулярызуем, нікога не ўгаворваем туды ісьці»
Псыхоляг Мікалай Шчарбакоў з Краснаярска, які працаваў у карэкцыйным інтэрнаце, з дапамогай знаёмых у Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў і МУС знайшоў на вайне чацьвярых выпускнікоў, якіх з калёній адправілі туды, нягледзячы на дыягназы, зьвязаныя з затрымкай разьвіцьця. Пры гэтым псыхоляг адзначае, што нават тыя, хто ў першыя гады вайны адпрэчваў магчымасьць заключыць кантракт, цяпер там.
— Яшчэ да вайны да нас прыходзілі супрацоўнікі з МНС, Сьледчага камітэту, з ваенкамату, апавядалі пра сваю працу і ейныя перавагі. Мы вельмі стараліся, каб дзеці зацікавіліся, каб пайшлі пасьля 9-й клясы ў кадэцкае вучылішча. Бо для іх гэта рэальная магчымасьць уладкаваць сваё жыцьцё. Тамака закрываюць асноўныя патрэбы: жыльлё, ежа, адзеньне. І шанцы атрымаць кватэру ці хаця б ільготную іпатэку вышэйшыя. І там больш мужчын, больш дысцыпліны. А [гэтых дзяцей] ведаеце як цяжка ўтрымаць? Калі яны ў 12 і паляць, і пʼюць, і крадуць, і што толькі ня робяць... Так, зараз сталі больш праводзіць патрыятычных мерапрыемстваў. У нас зараз у месяц па некалькі такіх дзён. То дзень сьцяга, то колькі-там гадоў з дня нейкай бітвы ў Вялікай Айчыннай вайне, то яшчэ што-небудзь чыноўнікі прыдумаюць і нам спускаюць. А мы што? Мы праводзім. І, вядома, сустрэчы з удзельнікамі ваенных дзеяньняў арганізоўваем, — апавядае Тацьцяна Жукава.
Сустрэча з удзельнікам вайны ў цэнтры дапамогі дзецям «Волскі»
Непаўналетнія выхаванцы дзіцячых дамоў, як і іх аднагодкі ў звычайных школах, плятуць маскавальныя сеткі для байцоў, пішуць лісты «абаронцам Айчыны», віншуюць вайскоўцаў са сьвятамі, гуляюць у віктарыну «Блякада Ленінграда» і нават вучацца страляць.
У дзіцячых дамах увялі традыцыю ўрачыста адкрываць мэмарыяльныя дошкі ў памяць пра загінулых. Гэтак, 24 кастрычніка прэзэнтавалі дзьве шыльды на Дарогінскім дзіцячым доме ў Новасыбірскай вобласьці: Анатолю Кавыршыну і Канстанціну Скрыпачэнку. На будынку Вельскага цэнтра садзейнічаньня сямейнаму ўладкаваньню (ранейшая назва — Вельскі дзіцячы дом) устанавілі памятныя дошкі пра двух выпускнікоў, якія загінулі на вайне — 32-гадовага Андрэя Раміцына і 19-гадовага Кірыла Нікіцінскага. Таксама на сьцяну ўстановы нанесены мурал з партрэтам Нікіцінскага.
Мурал у Вельску на сьцяне дзіцячага дома
У некаторых дзіцячых дамах выхаванцаў прымушаюць наведваць магілы загінулых на вайне ва Ўкраіне. Так, вучні старэйшай групы Нурлацкага дзіцячага дома ў Татарстане арганізавана езьдзілі на пахавальны комплекс «Курган» — ускласьці кветкі на магілу Сяргея Шувалава, зь якім раней жылі пад адным дахам. Усяго, паводле афіцыйнай старонкі ўстановы, на вайне загінулі ўжо чацьвёра іхных выпускнікоў.
Вучні дзіцячага дома «Дружба» з горада Пракопʼеўску Кемераўскай вобласьці чысьцяць сьнег на мэмарыяльным комплексе загінулых ва Ўкраіне. Сярод пахаваных там ёсьць і выхаванцы дзіцячага дому, напрыклад, Ільля Крумін і Мікіта Аксёнаў.
Выхаванцы Нурлацкага дзіцячага дома на могілках
— Я ня бачу ў гэтым нічога асаблівага. Нас у дзяцінстве таксама прымушалі прыводзіць у парадак магілы вэтэранаў Вялікай Айчыннай, — кажа Сьвятлана Рыкіна , супрацоўніца дзіцячага дома ў Кемераўскай вобласьці. — Я ня думаю, што мы наносім гэтым ім нейкую псыхалягічную траўму. Яны ўсе моцна траўмаваныя да нас. Гэта ж скалечаныя зь дзяцінства людзі з кучай комплексаў. Мы іх, наадварот, вучым чалавечнасьці, шанаваць адзін аднаго і жыцьцё. Вайну мы не папулярызуем, нікога не ўгаворваем туды ісьці. У асноўным ідуць туды праз грошы, праз кватэру. Вядома, ім хочацца прызнаньня, кампэнсацыі за сваё не зусім шчасьлівае дзяцінства, але больш за ўсё ім хочацца свайго даху над галавой і ежы ў халадзільніку. А ў нас сёньня ў якасьці адзінага варыянта вырашэньня праблемы прапануюць толькі ўдзел у «СВА». Нядаўна была ў абласной анкалёгіі. Сяджу ў кабінэце лекара, а насупраць мяне шафа — на ёй рэкляма службы па кантракце. Гэта, відаць, для тых, хто страціў надзею дабіцца гарантаванай дзяржавай мэддапамогі. Так і нашы выпускнікі — ідуць у адміністрацыю за належнай ім кватэрай, а ім кажуць, што ў чарзе яны ў сваім горадзе пад 859-м нумарам, напрыклад (у 2024 годзе на ўліку ў Кемераўскай вобласьці стаялі 7824 чалавекі — заўв. «Сибирь.Реалии»). У найлепшым выпадку гадоў да трыццаці атрымаюць. Або могуць пайсьці на «СВА», тады адразу апынуцца ў першай сотні.
Першыя ў чарзе? Зь дзятдомаўцаў — у бяздомныя і на «СВА»
Аляксей Тужылкін
У жніўні 2023 году рэдакцыя «Сибирь.Реалии» пісала, як родным Аляксея Тужылкіна з Іркуцкай вобласьці патэлефанавалі з ваенкамату і афіцыйна пацьвердзілі ягоную гібель на вайне ва Ўкраіне. Ягоная ўдава Сьвятлана атрымала вестку пра тое, што «іх усіх разбамбілі», яшчэ за тыдзень да гэтага. Пасьля чыноўнікі паведамілі, што выкрасьлілі Аляксея з чаргі на атрыманьне жыльля, дзе ён так і застаўся 1047-м. На вайну Тужылкін пайшоў акурат праз тое, што чыноўнікі паабяцалі яму «прасоўваньне па чарзе», калі ён завярбуецца на вайну.
У 2025 годзе родныя Аляксея пацьвердзілі, што кватэру ўдаве Тужылкіна так і не далі, а з адміністрацыі губэрнатара не ператэлефанавалі, хаця абяцалі «разабрацца». За тры месяцы, што Тужылкін правёў на вайне, ён атрымаў «зарплату» толькі адзін раз. Выплаты ад губэрнатара вобласьці, паводле ўдавы, яму не пералічвалі.
У чэрвені 2023 году ўступіла ў сілу норма, паводле якой сіроты, якія прымаюць удзел у вайне супраць Украіны, атрымалі прыярытэтнае права на атрыманьне жыльля ад дзяржавы. Маніпулюючы гэтай ільготай, рэгіянальныя ўлады завабліваюць такіх людзей на кантракт, абяцаючы «жыльлё па-за чаргой». Аднак да яго атрыманьня мала хто дажывае, а родным загінулых на вайне сірот у атрыманьні абяцанага жыльля, як правіла, адмаўляюць.
Андрэй Нікіценка з Валгаградзкай вобласьці як сірата атрымаў домік у пасёлку Забурунны. Паводле ягонай сястры Аксаны, жыльлё было непрыдатнае для пражываньня: драўляная хаціна зь печкай-буржуйкай, праваленай падлогай і глінянымі столямі, без электрычнасьці. Пра тое, як чыноўнікі «выканалі» свае абавязацельствы перад дзецьмі-сіротамі, рабілі рэпартажы многія журналісты. Але ўвага СМІ не дапамагла, і ніхто з раённых уладаў не адказаў за гэты падман. Андрэй у выніку вырашыў ісьці на вайну — зарабляць грошы на кватэру.
Жыльлё, якое ўзычаюць сіротам, часьцяком непрыдатнае для пражываньня — без ацяпленьня, каналізацыі ці вадаводу, зь цьвільлю, расколінамі ў сьценах і столі. Гэтак, сіротам у Туве сёлета выдзелілі дамы без электрычнасьці, у 2024 годзе там жа далі ключы ад «кардонных» дамоў без падмурку. У Новасыбірскай вобласьці сіраце-інваліду прапанавалі халодную кватэру зь дзіравай стольлю, патрэсканымі сьценамі і зламаным газавым абсталяваньнем.
Сірата зь Екацярынбургу Віктар Батурын вярнуўся з вайны зьнявечаным — яму выдалілі частку чэрапа і мозгу, ён прыкуты да ложка. Чыноўнікі прапанавалі яму і брату-інваліду засяліцца ў муніцыпальную кватэру, якую некалі забралі ў іхнай маці, — безь сьвятла, вады, газу, з запазычанасьцю ў два мільёны і сьмецьцем па калена.
Між тым нядаўна, як пішуць «Ведомости», ва ўрадзе Расеі падтрымалі законапраект, які пашырыць пералік падстаў для прыярытэтнага забесьпячэньня жыльлём дзяцей-сірот. У выпадку прыняцьця паправак перавагу пры ўзычэньні жылплошчы атрымаюць сіроты, якія адбівалі ўзброенае ўварваньне на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі — на дзяржаўнай мяжы і ў рэгіёнах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі паведамяць, што я застрэліўся — ня верце». Як расейцаў на вайне «абнуляюць» свае ж