«Працуем, быццам вайны няма. Гэта наш супраціў». Рэпартаж з Херсону, які жыве пад штодзённымі абстрэламі расейскага войска. ВІДЭА, ФОТА

Будынак Херсонскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, разбураны расейскай авіяцыяй. Чэрвень 2025 году

Тры гады таму ўкраінскае войска вызваліла з-пад расейскай акупацыі абласны цэнтар Херсон на поўдні Ўкраіны.

Херсон прабыў пад расейскай акупацыяй больш за восем месяцаў, а цяпер тры гады жыве пад расейскімі абстрэламі. УСУ не змаглі пераправіцца цераз Дняпро і адціснуць расейскіх салдатаў на левым беразе.

Цяпер рака стала лініяй баявога сутыкненьня, а горад — цэльлю для ўдараў расейскай арміі, паведамляе Барыс Сачалка з тэлеканалу «Настоящее время».


Your browser doesn’t support HTML5

Как живет Херсон под ежедневными обстрелами

Дзьверы, мабыць, самай вядомай кавярні Херсону адчыненыя з самай раніцы. Ад кава-машыны Аляксея да расейскіх пазыцыяў усяго паўтара кілямэтра. Гэта ўжо «чырвоная зона» — самая небясьпечная частка гораду. Кавярня працавала пры акупацыі. Апавядаюць, што тады замест расейскіх рублёў тут прымалі грыўні. А пасьля вызваленьня гораду кавярня першай зноў адчыніла дзьверы. Тутака ж разьмясьцілі валянтэрскі штаб.

Наступствы расейскага авіяўдару па мосьце ў Херсоне. Жнівень 2025 году

Тады, тры гады таму, у горадзе не было ні сьвятла, ні вады. Так за гэтым месцам і замацавалася званьне кавярні з сапраўдным херсонскім характарам.

За апошнія тры гады ў горадзе шмат што зьмянілася. Тры гады таму Херсон радаваўся. На галоўным пляцы гораду вельмі шмат людзей сустракалі ўкраінскіх вайскоўцаў. Цяпер жа на тым пляцы людзей практычна няма. А ня так даўно расейскае войска некалькімі авіябомбамі разьбіла гарадзкую раду. Усё жыцьцё ў Херсоне за апошнія тры гады адсунулася ад прыбярэжных раёнаў куды далей, дзе больш бясьпечна.

Эвакуацыя з Херсону. Жнівень 2025 году

Аднак за апошнія месяцы бясьпечных раёнаў у горадзе і зусім не засталося. Гэта ведаюць у дзіцячым абласным шпіталі. Тыдзень таму Вікторыя прывяла сюды сваіх сыноў на дыягностыку.

«Прыляцела: адразу пыл, аскепкі. Вельмі страшна», — успамінае яна. Гэта быў танкавы снарад.

Ён трапіў у пакой, дзе быў IT-спэцыяліст Дзяніс:

«Памятаю выбух. Зразумеў, што трапіла ў калёну побач са мной. У мяне зламанае рабро. Аскепкі. Куча дзірак».

Схованка ў Херсоне

«Нас проста хочуць запалохаць. Псыхалягічны ціск. Пасьля апошняга абстрэлу лякарні расейскія паблікі напісалі, што мы законная ваенная цэль. У нас лечацца дзеці», — расказвае галоўная лекарка дзіцячага абласнога шпіталю Іна Халадняк.

Гэта ўжо 16-ты абстрэл лякарні — яна вядзе рахунак. І зьбірае аскепкі з прылётаў. За апошні год, кажуць, расейскае войска перастала выбіраць цэлі. Расейскія дроны і снарады б’юць па аўтобусах, тралейбусах, прыпынках. Абломкаў у горадзе так шмат, што да гадавіны вызваленьня зь іх зрабілі цэлую выставу ў музэі.

«Калі пачалася дэакупацыя, такіх абстрэлаў не было. Цяпер яны проста нас выціскаюць адсюль. Але мы працуем так, быццам вайны няма. Гэта наш супраціў», — кажа дырэктарка краязнаўчага музэю Вольга Ганчарова.

Тры гады запар жыхары Херсону на гадавіну вызваленьня загадваюць жаданьне, якое ў 2022-м здаваліся вельмі блізкай рэальнасьцю.

«Вельмі хацелася верыць у добры канец, што гэта вельмі хутка скончыцца. Але так ня склалася», — разважае Іна Халадняк.

Візыт амбасадаркі добрай волі ААН Анджаліны Джалі ў Херсон. 6 лістапада 2025 году

З даваенных 300 тысяч жыхароў у Херсоне застаюцца каля 60 тысяч. Пасьля трох гадзін дня нават далейшыя ад берагу раёны гораду заміраюць. Крамы зачыняюцца. Закрываецца і самая вядомая кавярня ў Херсоне. Назаўсёды.

Дзень вызваленьня гораду — апошні працоўны дзень Аляксея ў Херсоне. Кавярню перавязуць у Івана-Франкоўск. Аднак Аляксей спадзяецца вярнуцца: «Усе маюць надзею, што вызваляць левы бераг і Херсон будзе як Фэнікс, які паўстаў з попелу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры адступленьні з Херсону расейцы выкралі карціны Бялыніцкага-Бірулі, Бакста, Паплаўскага, Заборава. ФОТА