Апошні цягнік з Краматорску, стратэгічна важнай чыгуначнай станцыі Ўкраіны, закрытай праз набліжэньне фронту
Краматорскі чыгуначны вакзал — гэта больш чым проста вакзал. Гэта месца сустрэч і разьвітаньняў падчас вайны.
Тут, на адным з ключавых транспартных вузлоў Украіны на фронце, салдаты знаходзілі некалькі дзён, а часам толькі пару гадзін, каб пабачыцца з блізкімі. На працягу гадоў вайны радасьць сустрэчы перапляталася з смуткам разьвітаньня.
Кіраўнік вайсковай адміністрацыі рэгіёну Вадзім Філашкін, а таксама дзяржаўны чыгуначны апэратар Украіны 5 лістапада абвясьцілі пра «цяжкае рашэньне» прыпыніць рух цягнікоў у Краматорск і зь яго з прычынаў бясьпекі.
Цягнікі ў Краматорск прыбывалі з усёй Украіны, у тым ліку з Івана-Франкоўску і Львова, што ў заходнім рэгіёне краіны, а таксама з Херсону, паўднёвага гораду, які амаль штодня абстрэльваюць расейскія войскі з процілеглага берагу Дняпра.
Адным з самых запоўненых маршрутаў круглы год быў хуткі цягнік з Кіева, які часта называюць «цягніком жыцьця». Да нядаўняга часу ён заставаўся дарогай дадому для тысяч людзей, перавозячы салдатаў, іхныя сем’і, валянтэраў і ўцекачоў.
Цяпер цягнікі, якія прыбываюць з захаду ў бок Краматорскага раёну, будуць спыняцца ў Харкаўскай вобласьці. Пасьля падарожнікам давядзецца ехаць да Краматорску на машыне яшчэ тры гадзіны.
У апошнія месяцы Расея сыстэматычна атакуе чыгуначную інфраструктуру Ўкраіны, спрабуючы паралізаваць лягістыку, у тым ліку перавозку вайсковых грузаў.
Падтрыманьне працы ўкраінскіх чыгунак — і пытаньне нацыянальнага гонару, і эканамічная неабходнасьць. Функцыянаваньне чыгунак жыцьцёва важнае патрэбнае для гуманітарнай дапамогі і ня толькі на працягу больш чым чатырох гадоў пасьля ўварваньня Расеі.
Улады ўжо былі ненадоўга прыпынялі рух цягнікоў у Краматорску пасьля таго, як у красавіку 2022 году расейская балістычная ракета ўдарыла ў станцыю, забіўшы 61 чалавека.На момант удару каля 1000 чалавек чакалі эвакуацыі ў больш бясьпечныя рэгіёны краіны.
Нягледзячы на значныя пашкоджаньні, станцыя была адноўлена праз шэсьць месяцаў, аднавілі рух цягнікі.
Увесну 2014 году, калі Расея падбухторвала да ўзброенага паўстаньня на ўсходнім Данбасе, Краматорск некалькі месяцаў быў акупаваны прарасейскімі сэпаратысцкімі фармаваньнямі. У ліпені таго ж году ўкраінскія войскі вярнулі горад, ён стаў фактычным рэгіянальным адміністрацыйным цэнтрам замест акупаванага Расеяй Данецку.
На закалочаных дошкамі вокнах краматорскага чыгуначнага вакзалу было напісана «Бастыён супраць гунаў». Гэта адсылка да вандроўных ваяўнічых плямёнаў V стагодзьдзя, якія ішлі з Цэнтральнай Азіі й Каўказу на захад, у Эўропу. На сустрэчы ў жніўні з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб выкарыстаў гэты выраз, каб паспрабаваць пераканаць Трампа ў важнасьці барацьбы Украіны: «Краматорск і Славянск — бастыён супраць гунаў», — нібыта сказаў Стуб.