Журналіста перасьледуюць спэцслужбы

Сёньня ў кватэру берасьцейскага журналіста Зьмітра Кіселя, які супрацоўнічае з Радыё Рацыя, спрабавалі ўварвацца два чалавекі ў цывільным.
“Яны сказалі, што трэба праехаць зь імі ў пракуратуру. Мне сапраўды прыходзіў пазоў, каб зьявіцца ў пракуратуру, але там быў пазначаны заўтрашні дзень — 24 верасьня. Я ж папярэджваў, што сёньня зьявіцца не магу, бо здаў пашпарт на атрыманьне замежнай візы”, — паведаміў Зьміцер Кісель.

Раней Зьміцер Кісель атрымліваў тэлефонныя пагрозы з папярэджаньнямі, што будзе мець непрыемнасьці, калі ня спыніць журналісцкую дзейнасьць. У пракуратуры Берасьця лічаць, што журналіст працуе без акрэдытацыі.