Выбухі ў Маскве: "Палова людзей плакала, палова – нічога не разумела"

Агляд незалежных мэдыяў за 8 красавіка.
Слуцкая газэта "Інфа-кур'ер" зьмяшчае ўражаньні мясцовай жыхаркі, якая аказалася ў маскоўскім мэтро падчас тэрарыстычных актаў. Калі шахідка ўзарвала сябе на станцыі "Парк культуры", беларуска была на суседняй станцыі. Праз мабільны тэлефон жанчына выйшла ў інтэрнэт і даведалася, што гэта быў другі выбух. "Потым пранеслася чутка пра трэці выбух, людзі загаварылі пра вайну", – перадае ўспаміны сьведкі журналіст Алесь Дастанка і працягвае:

"Яны ўжо чакалі, што яшчэ будуць выбухі. Яна глядзела на людзей: было бачна, што палова ведала, што адбылося, а другая палова – ня ведала. І гэтыя, якія нічога ня ведалі, са зьдзіўленьнем глядзелі на іншых людзей, як людзі ішлі, а па іх тварах цяклі сьлёзы".

"Комсомольская правда" в Белорусии"
8 красавіка выходзіць у фармаце "таўстушкі". Журналістка Вольга Анцыповіч распавядае пра самыя цікавыя артыкулы беларускай часткі нумару:

"Газэта зьмяшчае шмат цікавых матэрыялаў, а самае галоўнае зь іх, гэта артыкул пра новабудоўлі, якія зьменяць воблік Менска. Распавядаецца пра тое, што пабудуюць у сталіцы сёлета, прычым з прыгожымі ілюстрацыямі і расшыфроўкай у дэталях, што будзе новага, калі будоўлі будуць здавацца, у што гэта абыдзецца гарадзкому бюджэту. Гаворка пра Менск-сіці, хакейную арэну ў Чыжоўцы ды іншыя аб'екты.

Другі матэрыял – артыкул пра Барыса Кіта, нашага славутага земляка, які, праўда, даўно не жыве ў Беларусі. Пра яго распавядае ягоная знаёмая, Лідзія Савік. Яна дзеліцца ўражаньнямі ад сустрэч з Барысом Кітом, у матэрыяле ёсьць фотаздымкі Кіта, як ён зьехаў у Амэрыку. Мяркую, гэта будзе цікава і шырокаму колу чытачоў".

Журналіст "Газэты Слонімскай" Мікола Канановіч вылучае з усяго нумару матэрыял Ганны Валадашчук пра сытуацыю ў аграгарадку Партызанка. Там паклалі новы асфальт, але раптам палопаўся стары водаправод, і дарогу давялося ламаць, каб залатаць трубы. Грошы з бюджэту страчаныя дарма, абураюцца журналісты газэты:

"Няўжо нельга было пакласьці новыя трубы, каб потым не ламаць асфальт. Але на гэта кіраўнік мясцовай службы ЖКХ спадар Покалаў сказаў, што ніхто новыя трубы класьці ня будзе!"