Госьць праграмы “Час і сьвет” расейскай службы нашага радыё – былы выкладчык Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Мікалай Пятроўскі.
Your browser doesn’t support HTML5
Беларускія спэцслужбы ў Расеі
Ён цьвердзіць, што за свае пагляды трапіў пад перасьлед беларускага КДБ, быў змушаны звольніцца з унівэрсытэту, а затым у выніку супрацоўніцтва беларускіх спэцслужбаў і расейскага суду пазбаўлены расейскага грамадзянства.
Мікалай Пятроўскі: Мая гісторыя дастаткова, калі можна так выказацца, банальная. Свайго часу я адпрацаваў пасьля заканчэньня асьпірантуры з 1989-га да 1993 год у Берасьцейскім політэхнічным інстытуце. Затым выпісаўся з студэнцкага інтэрнату, дзе пражываў у той пэрыяд, зьняўся з вайсковага ўліку, прыехаў у Маскву, дзе, што называецца, легалізаваўся, гэта значыць прапісаўся ў кватэры, быў пастаўлены на вайсковы ўлік і прайшоў працэдуру пацьверджаньня свайго грамадзянства Расейскай Фэдэрацыі. Наколькі я памятаю, гэта быў артыкул 18, пункт 1а дзейнага тады Закону аб грамадзянстве 1991 году. І больш праблем з грамадзянствам Расейскай Фэдэрацыі ў мяне не ўзьнікала.
Ірына Лагуніна: І так працягвалася да 2009 году, калі вы вырашылі раскрытыкаваць прэзыдэнта Беларусі Лукашэнку. Што было пазьней, на якім этапе да вас прыйшлі супрацоўнікі КДБ Беларусі?
Мікалай Пятроўскі: Калі сьцісла казаць, то сапраўды ў 2009 годзе пасьля вядомага вайсковага параду, калі я асабіста ўбачыў, як прэзыдэнт апрануў свайго сына Колю ў маршальскі мундзір, убачыў, як тыя, што праходзілі міма, аддавалі Колю чэсьць, гэта мяне абурыла, а да ўсяго ж яшчэ прэзыдэнт абвясьціў, што гэты хлопчык – пераемнік на яго пасадзе. А ўжо тады пачаліся адкрытыя ганеньні на апазыцыю, пачаліся арышты, палітычна матываваныя, і гэтак далей. (...) Я ня вытрымаў і на некалькіх лекцыях для студэнтаў-завочнікаў, а гэта людзі больш-менш дарослыя, свае думкі выказаў пра тое, што я думаю адносна прэзыдэнта, яго палітыкі, яго імкненьня да аднаасобнай улады і іншыя меркаваньні, можа быць датычныя яго здароўя ў гэтым пляне.
Празь некалькі дзён у мяне пачаліся непрыемнасьці. Мяне папярэдзілі, што больш нельга адыходзіць ад тэмаў лекцыяў, што трэба строга прытрымлівацца навучальнага пляну. Я нібыта пагадзіўся, таму што быў напалоханы прыходам гэтых людзей у чорным, як назвала іх у сваім рэпартажы Ірына Халіп. Я, шчыра кажучы, быў напалоханы, але не настолькі, каб на іх параду неадкладна звольніцца і паехаць да сябе дадому, як мне было сказана, у Расею. Я працягваў працаваць, і ў перадапошні дзень працы, гэта было 4 ліпеня 2009 г. (6 ліпеня я павінен быў ісьці ў адпачынак), я быў затрыманы на выхадзе з унівэрсытэту, затым пасьля 6 гадзінаў допытаў быў арыштаваны, зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня і там беспасярэдне стаў праходзіць усе тыя непрыемныя моманты, пра якія пісалі Алесь Міхалевіч, Андрэй Саньнікаў, то бо ўсе выгоды знаходжаньня ў засьценках беларускай турмы. Гэта, шчыра скажу, досыць непрыемная рэч.
Ірына Лагуніна: І пасьля гэтага 30 лістапада вы ўсё-такі былі вымушаныя звольніцца і тэрмінова ад'ехаць, як вы напісалі мне, дадому ў Маскву. Што адбылося ў Маскве?
Мікалай Пятроўскі: Пасьля таго як я паспрабаваў нешта, выйшаўшы з ізалятару беларускага, вырашыць на сваю карысьць, але нічога не атрымалася, я быў папярэджаны, што сапраўды рыхтуецца новы апэратыўны экспэрымэнт і цяпер мне не адкруціцца – я буду надоўга засаджаны ў турму. Я сапраўды 30 лістапада звольніўся, пераехаў у Маскву, стаў працаваць і ніякіх праблем з уладамі расейскімі ня меў. Я быў абсалютна ўпэўнены, што знаходжуся пад абаронаю расейскай дзяржавы, 61 артыкулу канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі.
Але, тым не менш, 22 студзеня 2010 году я быў затрыманы ў мэтро прадстаўнікамі беларускіх спэцслужбаў і супрацоўнікамі Маскоўскага крымінальнага вышуку, дастаўлены ў пракуратуру мэтрапалітэну, дзе была праведзеная экстрадыцыйная праверка, якая паказала, што я зьяўляюся грамадзянінам Расейскай Федэрацыі і, такім чынам, не магу быць выдадзены беларускім уладам. Пасьля гэтага я працягваў жыць спакойна, але гэта доўжылася ня вельмі доўга. 10 сакавіка 2010 году спраўдзіліся абяцаньні, кінутыя мне ўсьлед прадстаўнікамі беларускіх спэцслужбаў, што тое, што я грамадзянін РФ – гэта ненадоўга. Так яно і здарылася. 10 сакавіка была праведзеная паўторная экстрадыцыйная праверка, згодна зь якой я ўжо быў прызнаны не грамадзянінам Расейскай Федэрацыі. Гэта значыць юрыдычна былі зьнятыя ўсе перашкоды для выдачы мяне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Поўны тэкст перадачы вы можаце прачытаць ТУТ.