Застрэлены мэр Крамянчуку, па доме львоўскага мэра стралялі з гранатамёту

Мэр Крамянчуку Алег Бабаеў

Ва Ўкраіне 26 ліпеня ўчыненыя два напады на кіраўнікоў мясцовай ўлады.

У Крамянчуку Палтаўскай вобласьці быў забіты мэр гораду Алег Бабаеў, вядомы сваёй падтрымкай актывістаў Майдану і адмоўным стаўленьнем да палітыкі былога прэзыдэнта Віктара Януковіча.

Раніцай Алег Бабаеў ад’ехаў ад свайго дому на прыватным аўтамабілі і неўзабаве быў застрэлены на дарозе невядомымі, якія зьехалі на аўтамабілі Жыгулі. Па мэру тройчы стрэлілі зь пісталета з глушыцелем. Міліцыя абвясьціла плян «Перахоп» і зьвярнулася да сьведак злачынства.

Таксама ноччу быў абстраляны з гранатамёта «Муха» дом гарадзкога галавы Львова Андрэя Садовага. Пацярпелых няма, але дому нанесеная шкода, паведамляе УНІАН.

Украінскія праваахоўнікі не выключаюць кваліфікацыі злачынстваў як тэрарыстычных актаў.