Цяпер або ніколі
Нядаўна полк Каліноўскага прэзэнтаваў на сваіх старонках у сацыяльных сетках баявога мэдыка Stitch (stitch з ангельскай мовы — «шывок»), якая ў іх служыць. У цывільным жыцьці жанчыну завуць Рыма Журайціс (Rima Ziuraitis). Ёй 37 гадоў. Рыма да 2022 году жыла ў ЗША, працавала ў фінансавай галіне. Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўвараваньня Расеі ва Ўкраіну яна звольнілася і паехала на вайну. Кажа, што рашэньне прыняла лёгка: цяпер або ніколі.
«Ніякіх ваганьняў. Я ведала: гэта тое, што мне трэба будзе зрабіць. І я была вельмі цьвёрда настроеная. Я ніколі не сумнявалася. Ці зрабіла б я гэта зноў? Так, без ваганьняў», — кажа яна.
Суразмоўца адзначае, што для яе вайна пачалася не ў 2022 годзе, як для многіх валянтэраў, а ў 2014-м, калі Расея акупавала Крым. Рыма — літоўка з паходжаньня. Ейныя прадзеды і дзяды паходзяць зь Літвы. Яна ўнучка ваенных уцекачоў часоў Другой усясьветнай вайны. Рыма заўважае, што Расея захапіла была ейную краіну таксама.
З 2014 году дзяўчына стала актыўна супрацоўнічаць з украінскай супольнасьцю ў ЗША, выходзіла на мітынгі, каб адстойваць захаваньне сувэрэнітэту Ўкраіны. У 2022 годзе яна ўзначаліла няўрадавую арганізацыю, якая аказвала нелетальную вайсковую і мэдычную дапамогу. Недзе праз год Рыма зразумела, што ёсьць патрэба ў мэдыках, і пастанавіла кардынальна памяняць сваю прафэсійную сфэру.
«Я заўсёды добра ладзіла зь людзьмі, дапамагала ім. Я вельмі клапачуся пра здароўе і бясьпеку людзей, шмат гадоў даглядала сваю бабулю. Таму для мяне гэта быў даволі лёгкі пераход. Я закахалася ў мэдыцыну», — тлумачыць яна зьмену прафэсіі.
Рыма падчас навучаньня тактычнай мэдыцыне, фота з прыватнага архіву
Падрыхтоўка на баявога мэдыка заняла каля васьмі месяцаў — хоць вучыцца мэдыкі ніколі не перастаюць, заўважае суразмоўца. Спачатку яна працавала інструктарам тактычнай мэдыцыны. Цяпер у палку Каліноўскага ейная асноўная праца — памочнік хірургаў і мэдсёстраў на стабілізацыйным пункце (нешта накшталт шпіталю). Часам яна таксама працуе на мэдэваку — спэцыяльнай машыне, якая перавозіць параненых зь месца баявых дзеяньняў у стабілізацыйны пункт.
«Запісалася і апынулася ў палку Каліноўскага»
Сувязяў зь Беларусьсю ў Рымы раней было няшмат. У полк Каліноўскага яна трапіла дзякуючы свайму сябру з палку Каліноўскага, які прайшоў адзін з ейных мэдычных курсаў. Той паведаміў, што ў іхным падразьдзеле ёсьць вакансія мэдыка.
«Я запісалася і так апынулася ў палку Каліноўскага», — падсумоўвае суразмоўца.
У 2020 годзе Рыма ўдзельнічала ў мітынгах беларусаў у Чыкага супраць рэжыму Лукашэнкі. Кажа, што ведала раней некалькі выразаў па-беларуску. На просьбу прыгадаць нешта кажа: «Жыве Беларусь!».
«Людзі, зь якімі я пратэставала, — цудоўныя. І, вядома, людзі, зь якімі я служу, таксама выдатныя. Я люблю сваю каманду. Глыбока паважаю людзей, якія змагаюцца за свабоду, рызыкуючы ўласнымі сіламі. Таму я глыбока паважаю беларусаў, зь якімі служу. Моцныя людзі. Вельмі моцныя людзі», — кажа яна.
Рыма кажа, што ў яе на вайне ніколі не было такога моманту, калі яна думала вяртацца ў цывільнае жыцьцё.
«Я баялася. Калі вы не баіцеся, значыць, нешта ня так. У гэтай працы заўсёды ёсьць элемэнт страху. Мой найбольшы страх — гэта праблемы зь бесьпілётнікамі FPV. Яны перасьледуюць нашыя мэдычныя эвакуатары, стабілізацыйныя пункты. Расейцы заўсёды знаходзяць новыя спосабы паляваньня на людзей», — шчыруе Рыма.
Яна кажа, што ніколі, нават калі побач працавала шмат артылерыі, у яе не было думак: «Еду дадому, гэта для мяне занадта». Замест гэтага ейныя думкі пераключаліся на пытаньні: «Што я магу зрабіць, каму магу дапамагчы і каму што трэба?».
У стабілізацыйным пункце падчас дапамогі пацыенту, фота з прыватнага архіву
«Найцяжэйшае для мяне — пакуты параненых жаўнераў. Гэта мяне неймаверна засмучае. Рэч не ў фізычнай траўме, не ў крыві і вантробах — гэта частка маёй працы, гэта ня тое, чаго я баюся: мне цяжка назіраць за тым, як людзі пакутуюць», — кажа баявы мэдык.
Рыма адзначае, што імкнецца палегчыць іхныя пакуты. Таксама стараецца клапаціцца пра сябе ў гэтых умовах.
«Неймаверна важна пагаварыць з кімсьці, будзь гэта псыхатэрапэўт або сьвятар. Калі вы перажываеце цяжкі час, у многіх зьяўляецца посттраўматычны стрэсавы разлад. Да мяне таксама прыходзяць пагаварыць жаўнеры. Калі ты перастаеш размаўляць з людзьмі, думаю, гэта менш здарова. Галоўная ідэя — заўсёды быць побач з кімсьці, калі яны маюць патрэбу ў табе, а калі табе хтосьці патрэбны, знайсьці, з кім можна пагаварыць і каму ты давяраеш», — кажа яна.
У клопаце пра сябе Рыма таксама шмат піша ў дзёньнікі.
«Гэта дапамагае выкінуць усё з галавы на паперу», — кажа суразмоўца.
Таксама яна працягвае дробныя справы, якія рабіла да вайны, прыкладам, вяжа шапкі — як хобі.
Першы паранены
Stitch расказала пра свайго першага параненага. Яна дзяжурыла ноччу на стабілізацыйным пункце. Прывезьлі чалавека ў даволі крытычным стане. Падобна, ён наступіў на міну.
«Адна нага была зусім непазнавальная. Хірургі вырашылі зрабіць частковую ампутацыю. Я заўважыла, што салдат усё яшчэ ня спаў і быў вельмі спакойны. Ён не крычаў, яны звычайна гэтага ня робяць. Тых, хто крычаў, у нас было ўсяго некалькі», — успамінае мэдык.
Рыма пачала размаўляць зь параненым, каб ён ведаў, што ён не адзін. Цяпер яна так робіць і зь іншымі пацыентамі. Кажа ім некалькі фразаў па-ўкраінску, якія ведае.
«Я тады спытала: „У вас усё ў парадку?“ Ён пачуў, як я размаўляю па-ангельску, і запытаўся: „Як вас завуць?“ Я была шакаваная. Я гэтага не чакала. Я паглядзела на яго і сказала: „Мяне завуць Рыма“. Я ўзяла яго за руку. Ён сказаў: „Мяне завуць Олэксандр“. Мы вылечылі яму ногі. Але гэта быў момант, які я ніколі не забуду, бо ён быў такі спакойны і проста меў патрэбу, каб побач хтосьці быў», — дзеліцца ўспамінам суразмоўца.
Гэта суцяшэньне для людзей у найгоршы дзень іхнага жыцьця, мяркуе Рыма. А таксама суцяшэньне для яе самой, што яна зрабіла нешта, каб дапамагчы камусьці перажыць цяжкі час.
У Рымы яшчэ не паміралі пацыенты, якіх яна ратавала. Але некалькі разоў яна сутыкалася з ужо загінулымі жаўнерамі.
«Мы апрацоўваем нашых загінулых. Гэты момант для мяне заўсёды вельмі сумны, але ў той жа час я адчуваю палёгку, бо яны больш не пакутуюць. Як мэдыкі мы ведаем, што ня можам выратаваць усіх, але мы будзем змагацца як чэрці, каб паспрабаваць уратаваць. Таму мы заўсёды будзем думаць, ці маглі б мы зрабіць што-небудзь яшчэ, нават калі нічога немагчыма зрабіць», — прызнаецца яна.
У тыя дні, калі яна сутыкаецца са сьмерцю, дзеліцца Stitch, яна больш часу праводзіць у цішыні, у роздумах, думае пра нябожчыка, ягоную сям’ю.
«Калі ў нас такая сытуацыя, мы стараемся працаваць крыху больш для параненых, якія прыходзяць да нас у гэты дзень, каб пераканацца, што гэта не паўторыцца… Я шмат думаю. Я заўсёды ў сваёй галаве, большую частку часу. Мае сябры пытаюць: „Дзе ты?“ А я сяджу проста там», — паказвае яна на галаву.
Рыма кажа, што шмат плача на вайне, у апошні тыдзень таксама.
«Думаю, гэта чалавечая рэакцыя, асабліва калі мы губляем сваіх сяброў. Многіх маіх сяброў забілі. Гэтае перажываньне ніколі ня будзе лягчэйшым. Усё роўна балюча кожны раз», — прызнаецца яна.
«Бываюць дні, калі я проста хачу гарачага душу»
Асноўная мова камунікацыі ў Рымы — ангельская. Але яна вывучыла ўкраінскі альфабэт, каб чытаць, асабліва назвы лекаў, набораў для працэдураў, і ўжо шмат разумее па-ўкраінску, хоць ёй яшчэ складана гаварыць на гэтай мове.
«Мне трэба ўмець распазнаваць гэтыя словы і іх значэньне, каб я магла перадаваць хірургам тое, што яны прасілі», — тлумачыць яна.
Некаторыя мэдыкі ў падразьдзеле размаўляюць па-ангельску. Рыма чуе, як яны вучаць ейную родную мову праз Duolingo. Яна праз гэтую ж аплікацыю вучыць іхную родную мову.
Зьмесьціва заплечніка Рымы, фота з прыватнага архіву
Заставацца жанчынай на вайне складана, мяркуе Рыма. Гэта залежыць ад таго, дзе чалавек знаходзіцца, і ад ягонай ролі на вайне.
«Часам у гарадах на перадавой ёсьць месцы, куды можна пайсьці зрабіць манікюр, падстрыгчыся. Калі ў мяне перапынак, я іду фарбаваць валасы. Думаю, гэта больш таму, што ты жанчына ў асяродзьдзі, дзе дамінуюць мужчыны. Клопат пра сябе — гэта пра вашыя прыярытэты. Калі вы зробіце гэта прыярытэтам, вы знойдзеце спосаб зрабіць манікюр, фрызуру», — разважае яна.
Яна кажа, што часьцей выглядае так, як падчас нашай гутаркі, з заплеценай касой. Ходзіць рабіць манікюр, каб адпачыць. Даглядаць за сабой нават на вайне ў гэтым пляне — нармальна, мяркуе Рыма.
«Калі мы перастаем клапаціцца пра сябе, гэта горш адбіваецца на нашым маральным духу», — перакананая яна.
На вайне яна навучылася цаніць праточную гарачую ваду, электрычнасьць і камфортныя туалеты.
«Праточная вада — мая любімая рэч. Я перажыла шмат сытуацыяў, калі ў нас не было праточнай вады і электрычнасьці, і палёгка, якую адчуваю, як толькі трапляю ў месца, дзе яны ёсьць, цудоўная. Вулічныя туалеты ня маюць ніякага шарму. Няма нічога станоўчага, што можна сказаць пра вулічны туалет. Але, ведаеце, вы з гэтым спраўляецеся, і гэта жыцьцё. Я прыехала з Амэрыкі, дзе ў нас няма такіх праблемаў, але я хутка адаптавалася», — кажа яна.
Пераадольваць такія складанасьці ёй дапамагае думка пра ейную місію, а таксама тое — што так будзе не заўжды.
«Ты бурчыш і скардзісься, бо бываюць дні, калі — так — я проста хачу гарачага душу. Але, ведаеш, гэта не назаўсёды», — кажа суразмоўца.
«Жыцьцё можа быць вельмі кароткім»
Рыма прызнаецца, што цяпер на вайне ў яе няма мэты ствараць сям’ю і гадаваць дзяцей, хоць яна не выключае, што нешта можа зьмяніцца.
«Мае мэты зараз крыху іншыя. Я зараз надзвычай сканцэнтраваная на сваёй працы. Мне падабаецца маё жыцьцё… У нас ёсьць калегі па камандзе, якія шчасьліва жанатыя, і яны любяць сваё жыцьцё. Ёсьць шмат людзей, якія знаходзяць каханьне. Думаю, гэта выдатна. Вельмі падтрымліваю гэтых людзей. Я веру ў каханьне. Важна не ўпускаць магчымасьць. Але для мяне быць жонкай і маці не галоўны прыярытэт зараз», — заўважае яна.
Яна кажа, што ніколі ня думала зьехаць з вайны. Вярнуцца да мірнага жыцьця яна думае толькі тады, калі Ўкраіна пераможа ў вайне. Яна хацела б і далей, таксама ў цывільным жыцьці, працаваць мэдыкам, паступіць вучыцца на мэдычны кірунак. У якой краіне яна будзе далей жыць, Рыма пакуль ня ведае.
«Ня ведаю, што чакае мяне ў будучыні, але цяпер я шчасьлівая, што іду за сваёй марай», — кажа яна.
Рыма на занятках па тактычнай мэдыцыне, фота з прыватнага архіву
Рыма мяркуе, што за час, праведзены на вайне, яна стала больш упэўненай у сабе.
«Гэта ня проста бясстрашнасьць. Гэта большая ўпэўненасьць у сабе, сваіх здольнасьцях, у жыцьці. Гэта дапамагло мне захаваць свае мужнасьць і перакананьні, каб адстойваць правы іншых. Гэта дало мне як асобе мацнейшы голас. Раней я больш баялася, што могуць падумаць людзі. Цяпер проста ведаю, што гэта правільна, і ня мае значэньня, што думаюць іншыя. Вам трэба ісьці за сваім натхненьнем, сваёй рашучасьцю, сваімі мэтамі, за тым, што вы лічыце правільным у жыцьці», — мяркуе яна.
Вайна зрабіла яе мацнейшай, а ейную скуру таўсьцейшай, заўважае Рыма. І дала магчымасьць больш быць сабой. Яна кажа, што амаль ніколі ня думае, як склалася б ейнае жыцьцё, калі б яна не паехала на вайну.
«Я адышла на хвіліну, каб прынесьці ахвяру служэньню. Тое жыцьцё, якое я вяла, было зусім іншым. Цяперашняе жыцьцё добра пасуе мне. Таму я адпусьціла тое мінулае», — кажа яна.
Яна хоча, каб і іншыя людзі працягвалі падтрымліваць Украіну, гаварыць пра яе.
«Не дазваляйце нікому забываць пра нас. І яшчэ адна мая парада: жыцьцё можа быць вельмі кароткім. Калі ў вас ёсьць мэты ў жыцьці, але калі вы баіцеся нешта паспрабаваць, калі хвалюецеся за тое, што могуць падумаць іншыя, памятайце, што жыцьцё кароткае, і рабіце сваё, бо ніколі ня ведаеце, калі ў вас можа ня быць такой магчымасьці. І заўсёды кажыце людзям, што вы іх любіце, пры кожнай нагодзе, — кажа Рыма.