З дапамогай Duolingo мільёны людзей ва ўсім сьвеце вывучаюць замежныя мовы. Сёлета яна запусьціла 148 новых курсаў на больш як 20 мовах. У прыватнасьці, Duolingo пачала новы шахматны курс, а таксама заняткі ў матэматыцы, музыцы. Цяпер кампанія падсумавала вынікі 2025 году.
Ужо другі год запар — і трэці раз за чатыры апошнія гады — Японія заняла першае месца сярод краінаў з найбольш сур’ёзнымі вучнямі. Яны вызначаюцца паводле сярэдняга часу, які праводзіцца ў навучаньні. Далей ідуць Вугоршчына (№ 2), Беларусь (№ 3), Расея (№ 4) і Нямеччына (№ 5).
Калі глядзець на мовы, якія выбіраюць у гэтых краінах, на першай пазыцыі ідзе гішпанская, далей ангельская, затым італьянская. А чацьвертае і пятае месцы нечаканана занялі валійская і нарвэская мовы.
Агулам жа найбольш папулярнай мовай для вывучэньня ў праграме застаецца ангельская. Яна першая ў 79% краінаў, у якіх карыстаюцца праграмай. На другім месцы гішпанская, на трэцім француская, а на чацьверты радок, пасоўваючы нямецкую, выбралася японская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ваенная таямніца». Як і чаму ў Беларусі ліквідуюць прыватныя моўныя школыСярод краінаў, карыстальнікі зь якіх вучаць тры і больш моваў на першым месцы таксама Японія, далей ідуць Аўстралія, Фінляндыя, Нямеччына і ЗША.
Расейская мова — другая па папулярнасьці для вывучэньня толькі ў чатырох краінах — Туркмэністане, Узбэкістане, Кіргізстане і Таджыкістане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заснаваў Дзень моваў народаў Расеі. Экспэрты кажуць пра палітыку лінгвацыду ў РФНайбольшы рост ліку людзей, якія вывучаюць мовы, назіраецца з кітайскай, карэйскай і партугальскай мовамі.
Duolingo пакуль ня мае беларускай мовы для вывучэньня. Яшчэ ў 2023 годзе да кіраўніцтва кампаніі склалі пэтыцыю з просьбай уключыць курсы беларускай мовы.
Беларуская мова застаецца ў пераліку моваў, якія знаходзяцца ўва ўразьлівым становішчы. У Беларусі працягвае скарачацца й так вузкі абсяг школьніцтва на роднай мове, тэлевізія і дзяржаўныя структуры працуюць амаль цалкам на мове расейскай. У ліпені Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў апублікаваў справаздачу, у якой зафіксаваў шматлікія факты русыфікацыі беларускага грамадзтва і перасьледу за беларускую мову ці яе далейшага выдаленьня з грамадзкае прасторы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў: у першай палове 2025 году русыфікацыйныя працэсы ў Беларусі ўзмацніліся