Улады Беларусі абавязалі замежныя фуры выкарыстоўваць навігацыйныя плёмбы, гэта датычыць перавозьнікаў зь Літвы, Польшчы і Латвіі

Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі зацьвердзіў парадак прымяненьня навігацыйных плёмбаў, электронных прыладаў, якія дазваляюць у рэжыме рэальнага часу адсочваць рух транспарту і фіксаваць ускрыцьцё грузавых адсекаў.

Дакумэнт апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 3 сьнежня.

Плёмбы дазволілі выкарыстоўваць замест мытнага суправаджэння, пры ўстанаўленьні маршруту руху, а таксама як сродак ідэнтыфікацыі на грузавым транспарце. Аднак у шэрагу выпадкаў іх ужываньне становіцца абавязковым.

У прыватнасьці, навігацыйныя плёмбы павінны выкарыстоўвацца пры ўезьдзе ў Беларусь з Латвіі, Літвы і Польшчы на грузавіках, а таксама на парожніх аўто міжнароднай перавозкі, зарэгістраваных у Эўразьвязе. Акрамя таго, іх трэба выкарыстоўваць пры перавозцы небясьпечных грузаў.

Для шэрагу катэгорый дзейнічае вынятак: транзыт з Калінінградзкай вобласьці Расеі, буйнагабарытныя і цяжкавагавыя машыны са спэцдазволам, перавозка жывых жывёлаў, пошты, замежнай бязвыплатнай дапамогі, тавараў асабістага карыстаньня, а таксама ўвоз празь беларуска-расейскі ўчастак мяжы.

Беларусь пачала прымяняць навігацыйныя плёмбы ў міжнародных перавозках у 2018 годзе пасьля ўказаньня Лукашэнкі пра адсочваньне транзыту.

Сыстэма стала адным з элемэнтаў кантролю за перамяшчэньнем тавараў пад мытнымі працэдурамі і выкарыстоўваецца для выключэньня несанкцыянаванага ўскрыцьця грузаў. У апошнія гады практыку пашыраюць — у тым ліку на перавозку сьпіртазмяшчальнай прадукцыі і небясьпечных грузаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія перавозьнікі, фуры якіх заблякавалі ў Беларусі, заплянавалі акцыі пратэсту на трасе М1 і ў цэнтры Вільні


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва зьвярнулася да Эўразьвязу па дапамогу ў вяртаньні грузавікоў зь Беларусі