Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба ВС, новы судовы орган дазволіць выконваць прынцып «адзін суд — адна інстанцыя». Абласныя эканамічныя суды і эканамічны суд горада Менска будуць выступаць у якасьці судоў першай інстанцыі, а Апэляцыйны эканамічны суд — у якасьці другой, апэляцыйнай, інстанцыі, растлумачыў Сукала.
«Уступаючы ў сілу з 1 студзеня 2026 года Кодэкс грамадзянскага судаводзтва аб’ядноўвае судовыя працэдуры эканамічнага і агульнага правасудзьдзя. Для гэтага быў неабходны новы суд, — сказаў кіраўнік ВС. — Да гэтага часу эканамічныя абласныя суды былі як бы судамі адразу дзьвюх інстанцый: суд першы інстанцыі разглядаў эканамічныя справы, і ён жа разглядаў».
Паводле яго слоў, у новым судзе «створаны ўсе магчымасьці для таго, каб у рэжыме анлайн весьці судовыя працэсы і разглядаць пытаньні без яўкі бакоў».
Апэляцыйны эканамічны суд закліканы павысіць якасьць судаводзтва, заявіла намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Вольга Чупрыс. Паводле яе слоў, з пачаткам працы суда «ствараецца паўнавартасная трохзьвенная сыстэма судаводзтва».
У Апэляцыйным эканамічным судзе, як паведамляецца, будуць працаваць 27 судзьдзяў.
Будынак адкрыты ў цэнтры Менска на вул. Мяснікова, 5.
Як паведамлялася раней, кіраваць працай гэтага органа прызначаны намесьнік старшыні Вярхоўнага суда Юрый Кобец. Суд плянавалася сфарміраваць за кошт наяўнай колькасьці судзьдзяў і работнікаў апаратаў іншых судоў.
Поўны склад апэляцыйнай інстанцыі зараз невядомы.
- Указ аб стварэньні гэтага суда Аляксандр Лукашэнка падпісаў у красавіку 2025 года. У паведамленьні яго прэс-службы гаварылася, што рашэньне прынятае ў мэтах «рэалізацыі палажэньняў Кодэкса грамадзянскага судаводзтва, якім прадугледжваецца стварэньне трохзьвенной сыстэмы эканамічных судоў».
- «Такое структурнае пераўтварэньне адбудзецца за кошт разьдзяленьня дзейнасьці судоў першай і апэляцыйнай інстанцый, якія цяпер функцыянуюць у рамках аднаго суда. Гэта будзе зьяўляцца важным крокам у напрамку павышэньня эфэктыўнасьці адпраўленьня правасудзьдзя па эканамічных справах», — гаварылася ў паведамленьні.