Сьцісла
- Падчас перамоваў з султанам Амана склад беларускай дэлегацыі быў вельмі незвычайны. Не было беларускіх чыноўнікаў — прысутнічалі сам Лукашэнка і ягоныя сыны Віктар і Мікалай. Сямейныя інтарэсы сталі аддзяляцца ад дзяржаўных нават фармальна.
- Гандлёвы абарот Беларусі з Альжырам моцна вырас апошнім годам, дасягнуўшы $50 млн. У асноўным за кошт экспарту беларускіх харчовых прадуктаў.
- Па выніках візыту ў Альжыр падпісана шмат розных дакумэнтаў. Але досьвед мінулых паездак Лукашэнкі ў розныя краіны сьведчыць пра тое, што яны ў мінімальнай ступені ўплываюць на разьвіцьцё эканамічных адносін.
Спэцыфіка замежных візытаў Лукашэнкі
Замежныя паездкі Аляксандра Лукашэнкі адразу ў некалькі краін адбываюцца не ўпершыню. Напрыклад, у 2023 годзе ён зладзіў свой традыцыйны візыт у Аб’яднаныя арабскія эміраты (ААЭ), а потым паляцеў у Афрыку. І кожная паездка мела сваю спэцыфіку.
Так было і зараз. Напрыклад, падчас візыту ў М’янму Лукашэнку зладзілі вельмі ўрачысты, пампэзны прыём. Гэта вельмі ізаляваная краіна, так кіруе вайсковая хунта, ідзе грамадзянская вайна, туды ня езьдзяць замежныя лідэры. А тут прыехаў цэлы кіраўнік дзяржавы. Тамтэйшыя ўладары так узрадаваліся, што гатовыя былі ўсяляк падлагоджваць госьця. Той нават зьдзівіўся. «Шчыра кажучы, мы пакуль яшчэ не заслугоўваем такой увагі», — сказаў Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з кіраўніком вайсковага ўраду М'янмы Мін Аўнг Глайнгам, 28 лістапада 2025 году
Візыты Лукашэнкі ў М’янму і Альжыр былі аб’яўленыя афіцыйнымі. А вось паездка ў Аман мела статус працоўнага візыту, які — ад пачатку да канца — насіў вельмі дзіўны характар.
Пачнем з таго, што султан Аману Хайтам бін Тарык аль-Саід зьдзейсьніў візыт у Беларусь 6–7 кастрычніка 2025 года. Гэта значыць лідэры вялі двухбаковыя перамовы менш двух месяцаў таму. Якая неабходнасьць зноў сустракацца праз такі кароткі час, які мінуў з моманту іх папярэдняй сустрэчы, незразумела.
Падчас таго візыту султана ў Менск Лукашэнка прымаў яго вельмі цёпла. Акрамя афіцыйных перамоваў у рэзыдэнцыі, ён запрасіў кіраўніка Амана да сябе ў госьці дадому. Прэс-служба беларускага ўладара паведаміла, што пасьля завяршэньня перамоваў Аляксандар Лукашэнка асабіста праводзіў Хайтама бін Тарыка аль-Саіда ў аэрапорт. Статус візыту, дыпляматычны пратакол не прадугледжваў падобнага жэсту. Такое дзеяньне азначае дэманстрацыю асаблівай павагі да госьця.
Дзіўны візыт у Аман
І вось Лукашэнка прыбыў у Аман 28 лістапада. У аэрапорце яго сустракаў прэзыдэнт Аманскага інвэстыцыйнага агенцтва Абдулсалам Аль Муршыдзі. Гэта не проста не прэзыдэнцкі ўзровень. Кіраўнік інвэстыцыйнага агенцтва — гэта паўафіцыйная асоба.
Што адбывалася ў наступныя два дні, невядома. Больш за тое, ніякай інфармацыі ні пра афіцыйныя прыёмы, ні пра ягоную прысутнасьць у краіне ўвогуле не было — пра гэта не паведамляла ні МЗС Аману, ні мясцовыя СМІ. І толькі на чацьвёрты дзень візыту Лукашэнкі яго прыняў султан. Вонкава ўсё гэта выглядае для беларускага ўладара вельмі прыніжальна. Нібыта адзін лідэр вымольваў сустрэчу, а другі праз нейкі час нарэшце аказаў літасьць.
Далей падзеі разьвіваліся ня менш цікава. Сустрэча на вышэйшым узроўні адбывалася не ў афіцыйнай рэзыдэнцыі султана, а ў яго дома. На кадрах, які зафіксавалі пад’езд Лукашэнкі, не было бачна беларускіх дзяржаўных сьцягаў.
Ды і склад беларускай дэлегацыі быў вельмі незвычайны. Не было беларускіх чыноўнікаў, напрыклад, міністра замежных спраў — на перамовах з султанам прысутнічалі сам Лукашэнка і ягоныя сыны Віктар і Мікалай.
Нагадаю, афіцыйная пасада Віктара — прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта (фармальна гэта грамадзкая арганізацыя). Хоць прэс-службы МЗС Амана назвала яго «спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта». А Мікалай пакуль проста студэнт.
Лукашэнка на сустрэчы з султанам Аману Хайтамам бін Тарыка аль-Саідам, 1 сьнежня 2025 году
Прэсавая служба Лукашэнкі не раскрыла падрабязнасьцяў ягоных перамоваў з султанам Амана, спаслаўшыся на іх закрыты характар. Не далі нават нейкіх дзяжурных словаў напачатку размовы, як гэта звычайна робіцца падчас афіцыйных сустрэчаў.
Але прэцэдэнт падобнага фармату перамоваў быў. У 2023 годзе ў перамовах з прэзыдэнтам ААЭ зь беларускага боку ўдзельнічалі Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка. «Дамашні, сямейны фармат» — так вызначыў ход тагачасных перамоваў эмірацкі бок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Султанаце Аман. Замежная палітыка як пераадоленьне комплексаўДзе тут дзяржаўныя інтарэсы?
І тады, і цяпер натуральна паўстае пытаньне: што гэта было? Бо дзяржаўныя інтарэсы Беларусі тут не моцна праглядваюцца. Гандлёвы абарот паміж краінамі ў мінулым годам склаў каля $5 млн! Мізэр. Беларусь не мае ў Амане сваёй амбасады. А тым ня менш, кантакты паміж Лукашэнкам і кіраўніцтвам гэтай краіны становяцца ўсё больш інтэнсіўнымі. Чым гэта можна патлумачыць?
Такі фармат сустрэчы і увогуле, двухбаковых адносін нагадвае ня столькі перамовы кіраўніцтва Беларусі і Амана, колькі перамовы сям’і Аляксандра Лукашэнкі і сям’і аманскага султана. Сямейныя інтарэсы сталі аддзяляцца ад дзяржаўных нават фармальна.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка пракамэнтаваў візыт Лукашэнкі ў Аман так:
«Яны абмяркоўвалі, як захаваць грошы ў Амане — нельга ж трымаць усё ў адной гавані — у ААЭ. Трэба разьмясьціць у Амане і падумаць, як іх рэінвеставаць у эканоміку Беларусі, каб прыкрыцца аманскімі кампаніямі. Потым, калі адбудуцца зьмены ў краіне, будуць разглядаць гэта як замежныя інвэстыцыі».
Цікава, што гэтымі ж днямі сярэдні сын Лукашэнкі Дзьмітрый зладзіў візыт у Інданэзію. Нібыта абмяркоўвалі супрацоўніцтва з гэтай краінай у аграрнай сфэры. Але Дзьмітрый Лукашэнка займае пасаду кіраўніка Прэзыдэнцкага спартовага клюбу. Пры чым тут аграрная сфэра? Можна меркаваць, тут ёсьць нейкі камэрцыйны інтарэс.
Павялічэньне цікавасьці людзей з прозьвішчамі Лукашэнка да камэрцыйных складнікаў — можа, самы важны сымптом набліжэньня транзыту ўлады.
І вось апошняя інфармацыя: Лукашэнка вяртаецца ў Аман. У суботу адбудзецца ягоная новая сустрэча з султанам. Як паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі, «у найбліжэйшыя дні заплянаваны шэраг непублічных сустрэч для абмеркаваньня ў практычнай плоскасьці важнейшых праектаў з комплексу двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Амана». Зьвяртае на сябе ўвагу, што зноў сустрэчы непублічныя. Калі палітыкі нешта хаваюць, то гэта заўсёды выклікае падазрэньне. І толькі пацьвярджае высновы, зробленыя вышэй.
Візыт у Альжыр
Што тычыцца паездкі ў Альжыр, то варта адзначыць, што гэта першы візыт Лукашэнкі ў гэтую краіну. Альжырскі прэзыдэнт таксама ні разу не наведваў Беларусь. Але кіраўнікі двойчы сустракаліся ў кулюарах розных міжнародных самітаў.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Альжыру Абдэльмаджыдам Тэббунам, 3 сьнежня 2025 году
Альжыр — параўнальна нябедная краіна. Аснова яе эканомікі — гэта газ і нафта. Яны даюць 30% ВУП, 60% прыбытковай часткі дзяржбюджэту, 95% экспартнай выручкі. Па запасах газу Альжыр займае 8-е месца ў сьвеце і 4-е месца ў сьвеце па экспарце газу.
Да 2020 года гадавы аб’ём гандлю паміж краінамі хістаўся паміж $2 млн і $13 млн. Пасьля пандэміі кавіду гандаль і зусім сышоў на нішто. Але ў 2024 годзе гандлёвы абарот склаў каля $50 млн, павялічыўшыся ў параўнаньні з 2023 годам у 16 разоў. Прычым практычна ўвесь аб’ём гандлю — гэта беларускі экспарт. Як патлумачыў міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў, такі экспартны выбух тлумачыцца рэзкім ростам паставак беларускіх прадуктаў харчаваньня.
Па выніках візыту падпісана шмат розных дакумэнтаў. Але досьвед мінулых паездак Лукашэнкі ў розныя краіны сьведчыць пра тое, што яны ў мінімальнай ступені ўплываюць на разьвіцьцё эканамічных адносін.
Кіраўнік МЗС Беларусі Рыжанкоў спрабуе ўпэўніць, што дзьве краіны знайшлі агульную глебу для палітычнага супрацоўніцтва на аснове барацьбы супраць агульнага ворага — Захаду. Ён заявіў:
«Пытаньне адказнасьці эўрапейскіх краін за каляніялізм і за генацыд — гэта таксама адно з злучных зьвёнаў нашай палітыкі».
Але Рыжанкоў пасьпяхова замацоўвае за сабой статус не галоўнага дыплямата, а галоўнага прапагандыста, таму часта выдае жаданае за існае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і М’янма: захапленьне хунтай як люстэрка беларускай улады