30 грамаў гарбаты, 150 грамаў солі: Што можа дазволіць сабе беларус, які жыве ў Беларусі «за рысай беднасьці»

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі афіцыйна «за рысай беднасьці» жывуць 309 тысяч чалавек. Гэта значыць, даход такіх людзей меншы за пражытковы мінімум. Свабода паглядзела, што можа дазволіць сабе чалавек за такія грошы.

3,4% жыхароў — столькі чалавек жывуць за так званай «рысай беднасьці» ў Беларусі згодна з статыстыкай Белстату. Гэта значыць, што даход гэтых людзей меншы за мінімальны пражытковы мінімум, які цяпер складае 491 рубель 9 капеек на месяц. Калі вылічваць з агульнай колькасьці жыхароў, то на даходы, меншыя за мінімум, жывуць 309 700 беларусаў. Гэты паказьнік у адсотках нязначна зьмяняўся ў папярэднія гады.

Геаграфічна больш за ўсё такіх людзей у Магілёўскай вобласьці — 5,1%, крыху менш у Гомельскай — 5%. У Берасьцейскай і Віцебскай іх доля складае 4,8% і 4,6% адпаведна. 2,5% — у Менскай і 2,4% — у Горадзенскай. І сама менш у Менску — 1,1%.

Глядзім, на што можа чалавеку стаць такіх прыбыткаў. Паводле статыстыкі, 37,2% сваіх даходаў беларусы трацяць на ежу, 24,7% — на паслугі, 35,9% — на неспажывецкія тавары, то бок сродкі гігіены, адзеньне, тэхніку ды іншае. 5,4% ідзе на камунальныя паслугі.

Ежа

У Беларусі бюджэт пражытковага мінімуму фармуецца згодна з нормамі, упісанымі ў пастанову Савету міністраў. Там пералічваецца мінімальны набор прадуктаў з 42 найменьняў і іх норма на год для чалавека (нормы адрозьніваюцца залежна ад полу і ўзросту).

На думку ўраду, даросламу чалавеку мужчынскага полу на месяц, сярод іншага, дастаткова па адным кіляграме сьвініны і ялавічыны, 2 кіляграмы курыцы, 180 грамаў сыру, 19 яек, 5 літраў малака, 30 грамаў гарбаты, 150 грамаў солі. Норма прапісаная для кожнага прадукту, агулам іх 42.

Ілюстрацыйнае фота

Калі падлічыць актуальную цану ўсіх найменьняў прадуктаў для дарослага мужчыны ў сэрвісе «Е-дастаўка», атрымліваецца, што толькі месячны набор ежы будзе каштаваць 286 рублёў. Для падліку браліся найтаньнейшыя прадукты. Але ў такіх разьліках ёсьць складанасьць. Напрыклад, у норме напісана — 30 грамаў гарбаты, але такія ўпакоўкі рэдка сустрэнеш, хіба шукаць гарбату на вагу. Таксама няясна, дзе купіць 150 грамаў солі, калі зазвычай яна ва ўпакоўках па кіляграму. Ці — як купіць роўна 1 кіляграм 68 грамаў цукру?

Норма некаторых з 42 найменьняў прадуктаў, прапісаная для жанчыны, згодна з пастановай ураду меншая. Такі месячны набор абыдзецца крыху таньней, як і набор для пэнсіянэраў і непаўналетніх.

Адзеньне, камуналка і іншае

На камуналку, адзеньне, праезд і паслугі аўтары пастановы аб пражытковым мінімуме адводзяць 83% ад кошту харчаваньня. Паводле нашых падлікаў, гэта 237 рублёў 38 капеек. Аднак пры такіх падліках выходзіць сума, большая за пражытковы мінімум: калі скласьці выдаткі на харчаваньне і на усё іншае — будзе 523 рублі, а пражытковы мінімум вызначаны ў 491 рубель 9 капеек.

Таму проста адымем ад пражытковага мінімуму цэны прадуктаў і атрымаем 205 рублёў 9 капеек на ўсё, апроч ежы. Камуналка ў сярэднім, калі ўлады не прызналі чалавека «дармаедам», абыдзецца ў прыкладна 150 рублёў (сума можа быць і меншай).

Ілюстрацыйнае фота

Сюды дадаем інтэрнэт, мінімальныя выдаткі на мабільную сувязь, сродкі гігіены — і гэта ўжо выходзіць больш, чым адведзены пражытковы мінімум. Пра набыцьцё іншых рэчаў проста няма гаворкі.

Пры гэтым згаданыя статыстыкай 309 тысяч чалавек жывуць за так званай рысай беднасьці, то бок атрымліваюць яшчэ менш, чым 491 рубель 9 капеек на месяц.

«У Беларусі вельмі нізкая гэтая рыса беднасьці»

Улады Беларусі трымаюць «рысу беднасьці» на нізкім узроўні, каб добра глядзецца ў статыстыцы міжнародных арганізацыяў, пра што кажа кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімер Кавалкін. Калі б рыса беднасьці была вышэйшай за цяперашнюю — у 491 рубель, у Беларусі было б афіцыйна больш бедных, што для ўладаў выглядае кепска.

«Лічба ў 309 тысяч чалавек за рысай беднасьці ня вельмі вялікая, але гэта таму, што сама сума, якую лічаць „рысай беднасьці“ вельмі маленькая. Але пражыць на яе амаль немагчыма. Гэта пад’есьці самых танных прадуктаў, аплаціць кватэру — і больш нічога няма. Беларусь хоча на міжнародным узроўні прадэманстраваць, што яна ня бедная краіна. Для гэтага робяцца махінацыі рознага кшталту. Каб выглядаць прыстойна, яны трымаюць гэтую мяжу вельмі нізкай», — тлумачыць Уладзімер Кавалкін.

Уладзімер Кавалкін, архіўнае фота

Паводле статыстыкі, звычайна больш людзей за рысай беднасьці жывуць у сельскай мясцовасьці на ўсходзе Беларусі. 5,6% малазабясьпечаных жывуць у гарадах.

«У калгасах і аграгарадках вельмі нізкія заробкі, што адбіваецца на паказьніках. У дадатак людзі жывуць з свайго ўласнага падвор’я, каб выжыць», — заўважае Кавалкін.

Для афіцыйна зарэгістраваных на біржы працы беспрацоўных у Беларусі існуе дапамога: мінімальны памер 42 рублі, максымальны — 84.

Паводле Ўладзімера Кавалкіна, каб зьменшыць колькасьць людзей, якія жывуць за рысай беднасьці, трэба плянамерна павялічваць мінімальны даход.

«Першы падыход — падвышаць мінімальны заробак да нармальнага, гэта будзе спрыяць больш роўным даходам у горадзе і на вёсцы. А другое — адрасная сацыяльная дапамога. Калі чалавек страціў працу, яму трэба дапамагчы ці атрымаць новую кваліфікацыю, ці знайсьці новую працу. Таксама варта дапамагаць сем’ям зь дзецьмі», — кажа суразмоўца.

Мінімальны заробак у Беларусі цяпер складае 726 рублёў. Гэта ў 3,7 раза менш за сярэдні заробак у сёлетнім кастрычніку. Ад наступнага году мінімальны заробак вырасьце на 132 рублі.