За 2024 год беларускі доўг Расеі зьнізіўся на 1,6%, з $7,75 мільярда даляраў да $7,62 млрд, альбо на 130 мільёнаў.
А лідэрам сярод даўжнікоў перад Расеяй стала Банглядэш, вынікае з дадзеных Сусьветнага банка, паводле агенцтва РБК.
Паводле зьвестак на канец 2024 году Банглядэш завінавацілася Расеі рэкордныя $7,84 млрд. За год доўг гэтай краіны вырас на 19%. На канец 2023-га яе доўг быў $6,6 млрд.
На трэцім месцы апынулася Індыя. Яе доўг перад Расеяй за год вырас на 19%, з $4,1 млрд да $4,9 млрд. У пяцёрку ўвайшлі таксама Эгіпет і Віетнам.
Большасьць запазычанасьцяў перад Расеяй — гэта «дзяржаўныя двухбаковыя даўгі», якія ўключаюць крэдыты ад ураду. Амаль усе яны прадугледжваюць пагашэньне праз год і болей. Паводле вынікаў за 2023 год, топ-5 даўжнікоў Расеі быў такім: Беларусь, Банглядэш, Індыя, Эгіпет і Віетнам.
Разьвіцьцё беларускай эканомікі і энэргетыкі за 31 год кіраваньня Лукашэнкі адметнае вялікімі даўгамі перад Расеяй, якія ніколі не зьнікалі.
У верасьні 2025 году падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Маскве Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Расеі пабудаваць у Беларусі яшчэ адну АЭС і абгрунтаваў гэта тым, што электраэнэргія новай атамнай станцыі будзе пастаўляцца ў акупаваныя Расеяй украінскія тэрыторыі.
Для будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астравецкім раёне, Беларусь брала ў Расеі крэдыт на суму $ 10 мільярдаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як доўга расейская эканоміка зможа працягваць фінансаваць вайну? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэйтынгавае агенцтва Moody’s выставіла Беларусі найніжэйшы крэдытны рэйтынг