Чэская пошта спыніла прыём адпраўленьняў у Беларусь

Ілюстрацыйны скрыншот з сайту Чэскай пошты

Ад 1 сьнежня пошта Чэхіі спыніла прыём адпраўленьняў у Беларусь.

Такая інфармацыя ёсьць на афіцыйным сайце гэтай установы.

Скрыншот з сайту Чэскай пошты

Таксама ў суполцы беларусаў Чэхіі зьявіўся наступны допіс:

«Учора зайшла на пошту адправіць у РБ паштоўку да Новага Году. Паштоўку не ўзялі, сказалі, што ім прыйшоў новы ўказ не адпраўляць лісты ў РБ, кампутар таксама не пусьціў — краіна Беларусь заблякаваная».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамога Бабіша на выбарах у Чэхіі можа стаць галаўным болем для Брусэлю і Кіева. Аналіз Рыкарда Юзьвяка

Летась Чэхія ўвяла бестэрміновую забарону на выдачу віз і дазволаў на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі. Тагачасны прэм'ер-міністар краіны Пэтр Фіяла тады сказаў, што адначасова неабходна стварыць умовы для прадстаўнікоў апазыцыі і студэнтаў, якія «ня хочуць мець нічога агульнага з гэтымі рэжымамі, каб яны маглі вучыцца, працаваць на тэрыторыі Чэхіі».

Забарону для расейцаў Чэхія ўвяла адразу пасьля пачатку расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, у чэрвені 2022 году яе дзеяньне было падоўжанае да сакавіка 2023 году, а потым да сакавіка 2024-га. Выключэньне было зроблена для паездак з гуманітарнымі мэтамі.

У сакавіку 2023 году забарону распаўсюдзілі і на беларусаў, пры гэтым ня мае значэньня, ці ёсьць у іх грамадзянства іншай краіны.

У некаторых выпадках атрыманьне візы або ДНЖ усё ж магчымае: напрыклад, калі заяўнік зьяўляецца чальцом сям’і грамадзяніна Чэхіі або іншай краіны Эўразьвязу або іншаземца, які мае чэскі ДНЖ.

Для беларусаў таксама захавалася магчымасьць атрымаць візу для навучаньня, калі яна аплачваецца стыпэндыяй з боку Чэхіі, ЭЗ ці міжнароднай арганізацыяй.

Яшчэ адно выключэньне складаюць тыя заяўнікі, чыё знаходжаньне «адпавядае інтарэсам Чэскай Рэспублікі» і гэта пацьвердзіла МЗС краіны.

  • У сакавіку 2023 году забарону на выдачу візаў беларусам спрабавала аспрэчыць Сьвятлана Ціханоўская пачас візыту ў Прагу, ёй гэта было абяцана, але неўзабаве ўлады краіны ўсё ж увялі забарону і для беларусаў.