У Варшаве беларусу не аформілі Tax Free: крама палічыла PlayStation тэхнікай падвойнага прызначэньня. А гэта законна?

PlayStation

У пачатку лістапада грамадзяніну Беларусі ў краме MediaMarkt у Варшаве адмовілі ў афармленьні дакумэнтаў Tax Free пры набыцьці гульнявой прыстаўкі PlayStation. Супрацоўнікі крамы патлумачылі, што «санкцыі Эўразьвязу не дазваляюць выдаваць форму грамадзянам Беларусі». Мы праверылі, ці так гэта?

Паводле закону, пакупнік, які зьяўляецца нерэзыдэнтам Эўразьвязу, мае законнае права на вяртаньне Падатку на дадзеную вартасьць (ПДВ/VAT). Але супрацоўнікі крамы заявілі, што сыстэма «не дазваляе» правесьці такую апэрацыю. У выніку беларус, што набыў Play Station, страціў магчымасьць атрымаць 400 злотых ($110) — суму, якая падлягае вяртаньню.

«Я папрасіў паклікаць мэнэджэра. Сабраліся хіба чатыры чалавекі, яны ў адзін голас казалі, што гэта немагчыма. Я адчуў, што гэта толькі таму, што я беларус. Я папрасіў іх паказаць закон, які не дазваляе гэта зрабіць, ці ўнутраныя інструкцыі. Яны разводзілі рукамі. Гэта вельмі прыніжальна. Тут справа зусім не ў грашах, хаця і яны немалыя. Справа ў стаўленьні да чалавека. Гэта было абуральна», — расказвае Андрэй (імя зьмененае — РС).

Беларус падаў афіцыйную скаргу ва Ўпраўленьне правоў спажыўцоў. На яго думку, адмова крамы «ня мае прававых падставаў» і носіць «неабгрунтаваны дыскрымінацыйны характар».

Паводле права Эўразьвязу, усе нерызыдэнты ЭЗ могуць вяртаць ПДВ/VAT пры вывазе тавараў за межы ЭЗ незалежна ад грамадзянства. Абмежаваньні датычаць толькі асобных катэгорый тавараў з падвойным прызначэньнем і не тычацца звычайнай спажывецкай электронікі, такой як гульнявыя прыстаўкі.

Ці PlayStation пад забаронай?

Радыё Свабода папрасіла патлумачыць MediaMarkt, на якой падставе яны адмовілі аформіць TaxFree пакупніку зь Беларусі. Прэс-сакратар кампаніі Мацей Далега спаслаўся на Пастанову Рады Эўразьвязу № 765/2006. Яна датычыць абмежавальных мераў у сувязі з сытуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны. Мы ўважліва вывучылі гэты дакумэнт. У ім нідзе ня згадваецца забарона на ўвоз у Беларусь гульнявых прыставак PlayStation. З гэтым пагадзіўся і прэс-сакратар MediaMarkt, але дадаў:

«Актуальная вэрсія пастановы 765/2006 забараняе продаж электронікі, у якую ўваходзяць, сярод іншага, кантралёры для відэагульняў. Гульнявая прыстаўка Sony PlayStation 5 Slim непасрэдна не клясыфікуецца як тэхналёгія падвойнага прызначэньня, аднак можа так разглядацца, таму MediaMarkt праяўляе асаблівую асьцярожнасьць адносна такіх тавараў і магчымасьці іх вывезьці на тэрыторыю Беларусі». — патлумачыў Мацей Далега.

Як запэўніў прадстаўнік кампаніі, фармуляр ня мог быць выдадзены беларусу, паколькі гэта раўназначна жаданьню ўвезьці PlayStation у Беларусь. Нягледзячы на тое, што сама гульнявая прыстаўка не знаходзіцца ў «чорным сьпісе» Эўразьвязу, прэс-сакратар гандлёвай сеткі лічыць адмову афармленьня Tax Free беларусу «цалкам абгрунтаванай і легальнай». Пры гэтым, ані польскія мытнікі, ані памежнікі, не перашкодзілі беларуску вывезьці набытую ў MediaMarkt прыстаўку ў Беларусь.

На ўдакладняючае пытаньне Свабоды, кім і паводле якіх крытэраў PlayStation можа разглядацца як электроніка падвойнага прызначэньня, калі яе няма ў пераліку, нам дагэтуль не адказалі. Пры гэтым, падобныя прыстаўкі свабодна экспартуюцца і прадаюцца ў Беларусі. Таму, выглядае, унясеньне PlayStation у «чорны сьпіс» зьяўляецца чыёйсьці інтэрпрэтацыяй і перастрахоўкай, але ніяк не прамым патрабаваньнем Эўразьвязу.

Радыё Свабода адправіла запыт у Міністэрства фінансаў Польшчы з просьбай пракамэнтаваць здарэньне і прадставіць сваю інтэрпрэтацыю Пастановы Рады Эўразьвязу. Дагэтуль ведамства Свабодзе не адказала. Калі мы атрымаем адказ, то вернемся да гэтай гісторыі і апублікуем яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэская пошта спыніла прыём адпраўленьняў у Беларусь