34-гадовы жыхар Сьветлагорску Глеб Панасюк, якога шукалі ягоныя сябры з Польшчы, адпраўлены ў сьледчы ізалятар № 3 у Гомлі. Пра гэта праваабаронцам паведаміла крыніца ў карнай установе, піша «Гомельская вясна».
Да таго Глеб адбываў арышт у ізалятары часовага ўтрыманьня Гомлю паводле нейкай адміністрацыйнай справы. Праваабаронцы маюць інфармацыю, што ягонае зьняволеньне мае палітычную матывацыю.
8 кастрычніка Глеб Панасюк паехаў з Польшчы, дзе жыў і працаваў апошнія гады, у родны Сьветлагорск адведаць бацькоў. 9 кастрычніка ён патэлефанаваў зь Берасьця сваім сябрам у Польшчы, што прайшоў мяжу і зьбіраецца перасядаць на цягнік у бок Сьветлагорску. Але пасьля гэтага сувязь зь ім зьнікла.
Зараз праваабаронцы спрабуюць высьветліць, у чым сілавікі абвінавачваюць Панасюка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 сьнежня: сямейную пару з Гомля асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»