«Нэўтральнасць» беларускіх фрыстайлістаў, лыжнікаў і сноўбардыстаў правераць перад допускам да адбору на Алімпіяду

Скачок у фрыстайле. Архіўнае фота

Раней нэўтральны статус некаторых спартоўцаў у асобных відах спорту выклікаў сумневы. Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны пратэставаў супраць павярхоўных захадаў.

Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту і сноўборду (FIS) праверыць спартоўцаў і дапаможны пэрсанал зь Беларусі і Расеі на адпаведнасьць патрабаваньням для атрыманьня статусу «індывідуальнага нэўтральнага спартоўца» на зімовых Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях 2026 году.

Заяўкі на такіх атлетаў будзе разглядаць адмысловая камісія FIS.

Пасьля правядзеньня праверкі FIS абяцае апублікаваць на сваім сайце сьпісы спартоўцаў, дапушчаных да адбору на Алімпіяду і Паралімпіяду.

21 кастрычніка FIS не дапусьціў беларускіх і расейскіх атлетаў да кваліфікацыйных алімпійскіх спаборніцтваў пад сваёй эгідай. Гэта можа расцэньвацца як балючы ўдар па беларускім спорце, бо беларускія фрыстайлісты з 1998 году заваёўвалі мэдалі на ўсіх Алімпіядах. З фрыстайлам перадусім зьвязаныя і надзеі на мэдалі Нацыянальнага алімпійскага камітэту, які ўжо некалькі гадоў ачольвае старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар. Раней Лукашэнку-старэйшаму ўдалося фактычна па спадчыне перадаць Віктару гэтую пасаду і пазьбегчы міжнародных санкцый за ўмяшаньне дзяржавы ў спорт і алімпійскі рух краіны.

Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць з 6 да 22 лютага 2026 году ў італьянскіх гарадах Мілян і Картына-д’Ампэца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арбітражны суд адмяніў забарону ўдзельнічаць у адборы на Алімпіяду беларускім фрыстайлістам, лыжнікам і сноўбардыстам

У FIS зьвярнулі ўвагу на тое, што Спартовы арбітражны суд (CAS) абвясьціў 2 сьнежня аб частковым задавальненьні апэляцый, пададзеных Расеяй і Беларусьсю на рашэньне не дапускаць іхных атлетаў у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў (AIN) да ўдзелу ў адборавых спаборніцтвах да зімовых Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2026 году. Рашэньне CAS, як адзначылі ў Міжнароднай фэдэрацыі лыжнага спорту і сноўборду, дае магчымасьць атлетам і пэрсаналу зь дзьвюх краін удзельнічаць у нэўтральным статусе ў алімпійскай кваліфікацыі.

«FIS прызнала рашэньне CAS. Усе закранутыя спартоўцы, якія маюць права запытаць статус AIN у адпаведнасьці з палітыкай FIS у дачыненьні індывідуальных нэўтральных спартоўцаў, павінны зрабіць гэта, даслаўшы электронны ліст», — паведамілі ў фэдэрацыі.

На сайце FIS ёсьць крытэры, адпаведнасьць якім дазваляе атрымаць нэўтральны статус:

«Удзел у спаборніцтвах у якасьці AIN абумоўлены строгай нэўтральнасьцю ў адносінах Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь з моманту пачатку вайны ва Ўкраіне. Гэтае патрабаваньне выкладзена ў наступных пунктах: адсутнасьць добраахвотных сувязяў з расейскімі ці беларускімі ўзброенымі сіламі ці зь любымі іншымі нацыянальнымі спэцслужбамі, адсутнасьць падтрымкі вайны ва Ўкраіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт дапусьціў адзіную беларускую спартоўку на зімовую Алімпіяду 2026 году

Спрэчкі пра нэўтральны статус

Асобныя фэдэрацыі ў відах спорту безумоўна забаранілі беларускім і расейскім атлетам удзел у турнірах, у тым ліку алімпійскай кваліфікацыі. Так, у прыватнасьці, зрабілі міжнародныя фэдэрацыі біятлёну і лыжаў. Тады ж складанасьці паўсталі й перад паралімпійцамі розных відаў.

Некаторыя ж рашэньні пра допуск спартоўцаў зь дзьвюх названых дзяржаваў выклікалі пратэсты Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны. І гэта тычыцца ня толькі зімовых відаў спорту. Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і Міністэрства моладзі й спорту краіны ўключылі беларускую гімнастку Аліну Гарноську і батутыста Івана Літвіновіча ў сьпіс для ўвядзеньня супраць іх санкцыяў і забароны на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах.

Беларускія спартоўцы апынуліся ў сьпісе разам з васьмю расейскімі атлетамі, якія ўдзельнічаюць у «прапагандысцкіх захадах і, нягледзячы на гэта, атрымліваюць нэўтральны статус і працягваюць браць удзел у міжнародных спаборніцтвах». Цяпер на падставе гэтай інфармацыі Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны будзе дабівацца забароны ім удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.

Вялікае непаразуменьне з боку Ўкраіны ў ліпені 2025 году выклікала Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня, якая дапусьціла да стартаў 40 атлетаў з Расеі і Беларусі. Сярод расейцаў былі нават дзейныя афіцэры войска. Украіна заявіла, што праверка нэўтральнага статусу беларускіх і расейскіх фэхтавальнікаў была павярхоўнай і парушае ўсе заяўленыя правілы.

Асаблівую ўвагу ў сьпісе дапушчаных прыцягнулі Сафія Вялікая, якая мае званьне маёру арміі РФ, і лейтэнантка Яна Ягар’ян. Гэта супярэчыць рэкамэндацыям МАК, згодна зь якімі атлеты з вайсковымі званьнямі і датычнасьцю да сілавых структураў Расеі і Беларусі ня могуць лічыцца нэўтральнымі спартоўцамі.

На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты, якія выступалі ў абмежаванай колькасьці і ў нэўтральным статусе, заваявалі чатыры мэдалі — залаты, два сярэбраныя і бронзавы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская алімпійская чэмпіёнка назвала плюсам санкцыі супраць спартоўцаў Беларусі і Расеі