Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў, што Расея працягвае сыстэматычна парушаць міжнароднае гуманітарнае права, незаконна дэпартуючы ўкраінскіх дзяцей:
«І нядаўна зьявілася шакуючая інфармацыя. Паводле зьвестак Рэгіянальнага цэнтру па правах чалавека, зафіксавана 165 лягераў, у якіх русыфікуюцца і мілітарызуюцца ўкраінскія дзеці. Яны знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, у Расейскай Фэдэрацыі, Беларусі і нават у Паўночнай Карэі».
Дзьмітро Лубінец заявіў, што гвалтоўнае перамяшчэньне дзяцей, іх русыфікацыя і мілітарызацыя зьяўляюцца грубым парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права і адной з 5 прыкмет генацыду паводле Рымскага статуту.
«Расеі пляваць на лёс украінскіх дзяцей. Для краіны-агрэсара гэта проста рэсурс для будучых войнаў супраць заходняга сьвету. Важна, каб нашы партнэры ўлічвалі кожны такі выпадак і спрыялі прыцягненьню вінаватых да адказнасьці», — зазначыў Лубінец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэлегацыя Беларусі прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН за вяртаньне выкрадзеных Расеяй украінскіх дзяцейГенэральная Асамблея ААН 3 сьнежня прыняла неабавязковую рэзалюцыю, у якой заклікала да неадкладнага і безумоўнага вяртаньня ўкраінскіх дзяцей, «гвалтоўна перавезеных» у Расею.
91 дзяржава прагаласавала «за», 12 — «супраць», 57 дзяржаваў устрымаліся. Беларусь была сярод дзяржаваў, якія галасавалі супраць.
Улады Беларусі дапамагаюць Расеі вывозіць дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны. Вядома, што тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў прыяжджаюць у Беларусь.
Журналісты Свабоды і ўкраінскага праекту «Схемы» дасьледавалі тэму вывазу непаўналетніх з акупаваных Расеяй тэрыторыяў — пераважна зь Лісічанску і Марыюпалю — у дзіцячыя лягеры Беларусі і высьветлілі, якія арганізацыі датычныя да гэтага, знайшлі бацькоў дзяцей, што знаходзіліся ў такіх установах, а таксама атрымалі эксклюзіўныя ўнутраныя дакумэнты Беларускага Чырвонага Крыжа.
Тым часам упершыню ў гісторыі ў Сэнаце ЗША ў Вашынгтоне 3 сьнежня адбыліся спэцыяльныя слуханьні ў справе выкраданьня і гвалтоўнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей Расеяй, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнатары ЗША патрабуюць ад Расеі вярнуць выкрадзеных украінскіх дзяцей да любога мірнага пагадненьняУ сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскага дзіцячага омбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацыях і перасяленьні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторыяў Украіны.
Упаўнаважаная ў правах дзяцей Расеі Марыя Львова-Бялова ў ліпені 2023 году заявіла, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расея «прыняла» каля 4,8 мільёна жыхароў Украіны, зь якіх больш за 700 000 — дзеці. Паводле яе, бальшыня ўкраінскіх дзяцей нібыта прыехалі ў Расею разам з бацькамі або іншымі сваякамі.
У дэпартаваньні ўкраінскіх дзяцей Расеі спрыяюць і ўлады Беларусі.
- Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь вывезьлі сама меней 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыйяў Украіны (паводле ацэнкі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» — ня менш за 3,5 тысячы).
- Праваабаронцы вызначылі 18 беларускіх інстытуцыяў, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
- Паводле справаздачаў праваабаронцаў і расьсьледаваньня Свабоды, дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць у духу любові да Расеі і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі выкараненьня ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
- «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» зьбірае зьвесткі аб перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з «ДНР» і «ЛНР» у Беларусь. У 2023 годзе НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, дзе расказваецца пра ролю ў ім Беларусі.
- Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага для Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
- Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), але рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
- ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
- На канец кастрычніка 2024 году дэпартаванымі або вымушана перамешчанымі, паводле зьвестак украінскіх уладаў, лічацца 19 546 дзяцей. Больш за 1700 дзяцей лічацца зьніклымі бязь вестак.