З сьнежня Генэральная асамлея ААН заклікала да неадкладнага і безумоўнага вяртаньня ўкраінскіх дзяцей, «гвалтоўна перавезеных» у Расею. Асамблея прыняла неабавязковую рэзалюцыю 91 голасам «за», 12 галасамі «супраць», 57 краін устрымаліся. Беларусь была сярод дзяржаў, якія галасавалі супраць.
У рэзалюцыі «патрабуецца, каб Расейская Фэдэрацыя забясьпечыла неадкладнае, бясьпечнае і безумоўнае вяртаньне ўсіх украінскіх дзяцей, якія былі гвалтоўна перавезеныя або дэпартаваныя».
У ёй таксама заклікаюць Маскву «неадкладна спыніць любую далейшую практыку гвалтоўнага перамяшчэньня, дэпартацыі, разлукі з сем’ямі і законнымі апекунамі, зьмены асабістага статусу, у тым ліку праз грамадзянства, усынаўленьне або разьмяшчэньне ў прыёмныя семʼі, індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей».
За час вайны было знойдзена і вернута дадому больш за 1850 украінскіх дзяцей. Намесьніца пасланьніка Масквы пры ААН Марыя Забалоцкая раскрытыкавала рэзалюцыю як «поўную хлусьлівых абвінавачваньняў».
Паводле пасланьніка Эўрапейскага Зьвязу ў ААН Стаўраса Ламбрынідзіса, «выкрадзеныя дзеці Ўкраіны ня могуць чакаць канчатковага выніку мірных перамоваў), рашэньня Расеі спыніць вайну ці не», — паведамляе AFP.
Тым часам упершыню ў гісторыі ў Сэнаце ЗША ў Вашынгтоне 3 сьнежня адбыліся спэцыяльныя слуханьні па справе выкраданьня і гвалтоўнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей Расеяй, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Прадстаўнікі Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША сышліся на думцы, што дэпартацыя дзяцей — гэта мэтанакіраваная палітыка Расейскай Фэдэрацыі, накіраваная на зьнішчэньне ўкраінскай ідэнтычнасьці, і Расея павінна за гэта адказаць. Яны назвалі вяртаньне дзяцей абавязковым пунктам мірнага пляна. Расейскі пасол на слуханьні не зьявіўся.
Улады Беларусі дапамагаюць Расеі ў вывазе дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны. Вядома, што тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый прыяжджаюць у Беларусь.
Форум