$1,12 мільярда — столькі за два папярэднія гады атрымала ягоная фірма па кантрактах з расейскімі вайсковымі арганізацыямі, піша Беларускі расьсьледніцкі цэнтар.
Гомельскі завод посуду «Сантэкс» — адно з прадпрыемстваў, якімі валодае Павел Нікіцін, бізнэсовец які нарадзіўся ў Менску і пераехаў у Расею ў 2000-х. Прадпрыемствы Нікіціна маюць кантракты з расейскімі сілавікамі, а ягоная расейская кампанія «Рустакт» мае рэпутацыю аднаго з галоўных вытворцаў баявых дронаў для арміі Расеі і знаходзіцца пад санкцыямі Швайцарыі і Эўразьвязу, гаворыцца ў артыкуле БРЦ.
Паводле расьсьледнікаў, акрамя посуду, яшчэ ў чэрвені 2025 году гомельскі «Сантэкс» прапаноўваў да продажу бесьпілётнік «Піянэр», а ў мытных дакумэнтах тавараў, накіраваных у Расею, журналісты БРЦ знайшлі рээкспарт дронаў кітайскай фірмы DJI. У 2022 і 2023 гадах «Сантэкс» прадаў у Расею 309 дронаў агульным коштам каля $2 млн.
«Выглядае на тое, што кампанія дапамагала расейскім фірмам абыходзіць абмежаваньні», — піша БРЦ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня можа ляцець тысячу кілямэтраў» Што вядома пра дрон, які, з словаў беларускіх сілавікоў, прыляцеў у Горадню зь ЛітвыРасьсьледнікі таксама спасылаюцца на дакумэнты, паводле якіх чатыры расейскія арганізацыі цягам 2023 і 2024 гадоў пералічылі за тавары і паслугі $1,12 млрд на рахунак «Рустакту», адной з кампаніяў Паўла Нікіціна. Усе чатыры кліенты зьвязаныя з вайсковай сфэрай:
- ФКУ «Войсковая часть 45807» (Галоўнае ўпраўленне Генэральнага штабу Узброеных сіл РФ, раней — Галоўнае разьведвальнае ўпраўленьне) — адказвае за ваенную бясьпеку і фінансавае суправаджэньне апэрацыяў ГРУ.
- Фэдэральнае дзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства «18 Центральный Научно-Исследовательский Институт» Міністэрства абароны РФ — афіцыйна займаецца навуковымі дасьледаваньнямі ў сфэры прыродазнаўчых і тэхнічных навук, але таксама мае вытворчыя магутнасьці і працуе для патрэбаў ГРУ і Генштабу Расеі.
- Дабрачынны фонд «Народный фронт. Всё для победы» — арганізуе фінансаваньне вайсковых патрэбаў: ад формы і квадракоптараў, да сучасных ударных БПЛА. Актыўны ўдзел у жыцьці арганізацыі бярэ першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Кірыенка.
- АТ «НПО „Обуховский завод“» — уваходзіць у канцэрн «Алмаз-Антей», выпускае комплексы супрацьпаветранай абароны С‑300 і С‑400. Пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну стаў цэнтрам вытворчасьці лёгкіх дронаў-выведнікаў «Добрыня‑2».
Паводле БРЦ, у 2010-м Нікіцін адмовіўся ад беларускага грамадзянства, але сувязяў з радзімай не разарваў. Тут, разам са сваякамі, ён валодае або кіруе мінімум чатырма фірмамі. Адна зь іх — гомельскі завод «Сантэкс», які пастаўляў кітайскія дроны «Рустакту». БРЦ знайшоў згадку пра тое, што ў 2018 годзе саўладальнікам гомельскай фабрыкі быў брат-блізнюк Паўла — Ягор. Ён на 2021 год з’яўляўся грамадзянінам Беларусі, ці гэта так надалей, невядома.
БРЦ дазваніўся да Ягора Нікіціна, каб запытацца пра пастаўкі дронаў у Расею. Той адмовіў, што зьяўляецца адным з уласьнікаў «Сантэкс»: «У вас проста непраўдзівая інфармацыя. Непраўдзівая», — пасьля чаго кінуў слухаўку. Ягоны брат Павел, уласьнік «Рустакту» і шэрагу іншых расейскіх фірмаў, што працуюць з сілавымі ведамствамі Расеі, таксама кінуў слухаўку, не даслухаўшы пытаньне журналіста да канца. Пісьмовыя запыты да братоў, а таксама лісты фірмам, узгаданым у расьсьледаваньні, на момант яго публікацыі засталіся без адказаў, піша БРЦ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія райвыканкамы закупляюць дэтэктары і глушылкі дронаў. Хто і колькі? МАПА