За студзень—кастрычнік замежныя грамадзяне атрымалі ў Польшчы іпатэчных пазык на 7,65 млрд злотых, і беларусы ўваходзяць у групу найбольш актыўных пазычальнікаў. Усяго банкі выдалі іншаземцам крэдытаў ужо на каля 29 млрд злотых, і аб’ём працягвае расьці, піша Польскае радыё.
Паводле Бюро крэдытнай інфармацыі, у ягоных базах цяпер 31 тысяча беларускіх пазычальнікаў — гэта другая па велічыні група пасьля ўкраінцаў (227 тысяч). У сярэднім замежнікі бяруць большыя крэдыты, чым палякі: 513 тысяч злотых супраць 449 тысяч. Аднак беларусы апярэджваюць і гэты паказчык — каля 600 тысяч.
Аналітыкі адзначаюць, што высокія сумы крэдытаў могуць сьведчыць пра тое, што частка беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, намагаюцца хутка замацавацца і купіць уласнае жытло. Гэтая тэндэнцыя асабліва заўважная на фоне таго, што многія беларусы пакідаюць краіну з палітычных і эканамічных прычынаў.
У Польшчы цяпер працуе каля 1,1 млн іншаземцаў, і іх доля на рынку крэдытаваньня працягвае расьці. Доля замежнікаў у сегмэнце іпатэкі ўжо складае амаль 10%, у спажывецкіх пазыках — каля 2,5%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм «Пад шэрым небам» пра зьняволеных журналістаў Андрэеву і Ільяша зьявіўся на HBO і іншых стрымінгавых плятформах