Трамп апісаў сустрэчу Ўіткафа і Кушнера з Пуціным у Крамлі як «вельмі добрую»

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША, адказваючы на ​​пытаньні журналістаў у Белым доме, назваў перамовы свайго спэцыяльнага пасланьніка Стыва Ўіткафа і зяця Джарэда Кушнера з Уладзімірам Пуціным «вельмі добрымі».

Пры гэтым, паводле Дональда Трампа, ён ня ведае, да чаго перамовы ў выніку прывядуць. Раней Трамп выказваў больш аптымізму наконт мірнага пагадненьня і завяршэньня расейска-ўкраінскай вайны.

«Я ня ведаю, што робіць Крэмль. Я магу сказаць вам, што ў іх была дастаткова добрая сустрэча з прэзыдэнтам Пуціным. Што выйдзе з гэтай сустрэчы, я не магу вам сказаць, бо для танга патрэбныя двое», — сказаў Трамп.

Таксама ён адзначыў, што ўва Ўіткафа і Кушнера склалася ўражаньне, нібы Пуцін «хацеў бы завяршыць вайну»:

«Я думаю, што ён хацеў бы вярнуцца да больш нармальнага жыцьця. Я думаю, што ён хацеў бы вярнуцца да гандлю з ЗША замест таго, каб губляць тысячы салдатаў на тыдзень».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Расея не знайшлі згоды наконт мірнага пагадненьня з Украінай у часе пяцігадзінных перамоваў у Крамлі

Прэзыдэнт ЗША пракамэнтаваў вынікі перамоваў з Пуціным праз содні пасьля таго, як яны завяршыліся. 4 сьнежня ў Маямі Ўіткаф і Кушнер плянуюць сустрэцца з прадстаўніком Украіны. Вядома, што ў перамовах возьме ўдзел кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Рустэм Умераў, які ўжо сустракаўся зь імі ў канцы лістапада ў гольф-клюбе Ўіткафа.

Памочнік расейскага прэзыдэнта Юрый Ушакоў адразу пасьля сустрэчы з амэрыканскімі прадстаўнікамі ў Крамлі заявіў, што «кампрамісы пакуль знойдзеныя не былі» і бакі «абмяркоўвалі не канкрэтныя фармулёўкі і рашэньні, а існасьць».

Сам Пуцін у інтэрвію India Today назваў перамовы «вельмі карыснымі». Паводле яго, сустрэча з Уіткафам і Кушнерам працягнулася «доўга» (яна доўжылася пяць гадзін), бо давялося прайсьціся па кожным пункце мірных прапановаў, і Расея не пагадзілася зь некаторымі зь іх.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё раней пацьвердзіў, што адным з галоўных неразьвязаных пры абмеркаваньні мірнага пагадненьня паміж Расеяй і Ўкраінай пытаньняў ёсьць кантроль над Данецкай вобласьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як праслухоўвалі Ўшакова, Уіткафа і Дзьмітрыева. Што вядома з размоваў і як адрэагаваў Трамп