Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сустрэўся ў Крамлі зь зяцем прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джарэдам Кушнерам і спэцыяльным пасланьнікам Стывам Уіткафам, пасьля таго як раней даў зразумець, што яго войскі гатовыя працягваць барацьбу за дасягненьне першапачатковых ваенных мэтаў Расеі, піша AFP.
У аснове перамоваў ляжыць плян ЗША ў дасягненьні міру, які з тых часоў быў перагледжаны пад ціскам Кіева і эўрапейскіх хаўрусьнікаў Украіны.
Што да акупаваных украінскіх тэрыторый, то «пакуль што мы не знайшлі кампрамісу, але некаторыя амэрыканскія рашэньні можна абмеркаваць», — заявіў пасьля сустрэчы ў Крамлі галоўны памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў.
«Некаторыя прапанаваныя фармулёўкі нам не пасуюць, і праца будзе працягвацца», — дадаў ён.
Трамп заявіў, што прагрэс у спыненьні вайны будзе няпростым.
«Нашы людзі зараз знаходзяцца ў Расеі, каб паглядзець, ці зможам мы ўрэгуляваць гэтае пытаньне», — сказаў ён у час паседжаньня кабінэту міністраў у Белым доме.
«Скажу вам, становішча няпростае. Які беспарадак».
Але ў інтэрвію, якое трансьлявалася 2 сьнежня ўвечары на тэлеканале Fox News, дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што перамовы з Расеяй у спыненьні вайны з Украінай «дасягнулі пэўнага прагрэсу».
Сустрэча NATO наконт падтрымкі Ўкраіны
Міністры замежных спраў краін NATO сустрэнуцца ў Брусэлі 3 сьнежня, каб абмеркаваць далейшую падтрымку Ўкраіны, а таксама бягучыя намаганьні ўмацаваць стрымліваньне і абарончы патэнцыял альянсу, піша агенцтва dpa.
Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Марк Рутэ падкрэсьліў перад сустрэчай, што Кіеў застаецца залежным ад вайсковай дапамогі, бо Расея працягвае атакаваць Украіну, і заклікаў членаў NATO гарантаваць большую падтрымку. Ён сказаў, што чакае абвяшчэньня аб дадатковых унёсках у фінансавую ініцыятыву паводле сьпісу прыярытэтных патрэбаў Украіны (PURL) бліжэйшымі днямі.
Гэтая схема фінансаваньня прадугледжвае продаж боепрыпасаў і зброі, вырабленых у Злучаных Штатах, эўрапейскім хаўрусьнікам і Канадзе, якія затым дадуць іх Украіне. Аднак сустрэча, падобна, будзе ў ценю перамоваў пра мір пад кіраўніцтвам ЗША і адсутнасьцю дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё.
Вельмі незвычайна, каб дзяржаўны сакратар ЗША не прысутнічаў асабіста на афіцыйнай сустрэчы міністраў замежных спраў NATO. Рубіё будзе прадстаўлены сваім намесьнікам Крыстафэрам Ландау.
Форум