Сярод гэтых пытаньняў было наступнае:
«Адносіны паміж ЗША і Беларусьсю пачынаюць паляпшацца цяпер, калі ў Вашынгтону зьявіўся спэцыяльны пасланьнік у Беларусь. Ці варта NATO таксама палепшыць стасункі зь Беларусьсю? Ці дапаможа гэта аддзяліць краіну ад Расеі?»
Марк Рутэ на гэта адказаў:
«Я вітаю ініцыятыву ЗША, скіраваную на паляпшэньне гэтых стасункаў, і знаходжуся ў кантакце са спэцыяльным пасланьнікам, які ёсьць спэцыялістам у гэтым. Ён робіць выдатную працу. Ён таксама займаецца вызваленьнем людзей, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў зьняволеньні ў Беларусі.
Усё гэта пазытыўна. І, вядома ж, калі іншыя краіны змогуць дапамагчы, мы гэта зробім. Але на гэты час, я думаю, вельмі важна, што ЗША бяруць на сябе гэтую ініцыятыву».
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа абмяркоўвае з уладамі Беларусі магчымасьць хуткага вызваленьня сама меней 100 палітычных зьняволеных паведаміла 26 лістапада агенцтва Reuters з спасылкай на «тры крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй».
Адзначаецца, што дыялёг вядзецца «ў рамках збліжэньня паміж ЗША і хаўрусьнікам Расеі».
Агенцтва ўдакладняе, што «хоць аўтарытарная дзяржава вызваліла дзясяткі затрыманых у некалькі этапаў з моманту ўступленьня прэзыдэнта Дональда Трампа на пасаду ў студзені, амэрыканскія ўрадоўцы хочуць дамагчыся вызваленьня больш за 100 зьняволеных у рамках адной угоды».
Амэрыканскія чыноўнікі паведамілі агенцтву, што «ўзаемадзеяньне адміністрацыі Трампа з Беларусьсю ёсьць часткаю доўгатэрміновай, шырэйшай стратэгіі вываду Менску з геапалітычнай арбіты Масквы, няхай нават у нязначнай ступені».
9 лістапада Трамп паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што намінаваў 78-гадовага Коўла на пасаду спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі. «Ён ужо пасьпяхова дабіўся вызваленьня 100 закладнікаў і мае намер дабіцца вызваленьня яшчэ 50. Загадзя хацеў бы падзякаваць паважанаму прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за яго ўвагу да гэтых пытаньняў».
20 лістапада Лукашэнка паведаміў, што ў сьнежні, хутчэй за ўсё, у яго адбудуцца «чарговыя перамовы з амэрыканскімі прадстаўнікамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грамадзтва ня прыме ўступленьня Беларусі ў NATO», — Рыгор Астапеня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ніколі не пагодзіцца на «фінляндызацыю» Беларусі, — экспэрт Фінскага інстытуту Рыгор Ніжнікаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Калі Эўропа пачне вайну, Расея «гатовая наўпрост зараз»